Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым вядомы новы галоўны вайскавод Узброеных сілаў Украіны Міхайла Драпаты

Галоўны вайскавод Узброеных сілаў Украіны Міхайла Драпаты. 2026 год
Галоўны вайскавод Узброеных сілаў Украіны Міхайла Драпаты. 2026 год

21 ліпеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвясьціў, што Міхайла Драпаты стане новым начальнікам Узброеных сілаў Украіны.

Ён звольніў з пасады Аляксандра Сырскага пасьля некалькіх дзён пратэстаў па ўсёй Украіне супраць адстаўкі міністра абароны Міхайла Фёдарава. У адносінах паміж Сырскім і Фёдаравым не было паразуменьня, і дэманстранты каля тыдня патрабавалі адстаўкі Сырскага.

Такім чынам, на гэтай пасадзе Міхайла Драпаты заменіць Аляксандра Сырскага, які ўзначальваў Узброеныя сілы Украіны зь лютага 2024 году.

Гэта найбуйнейшая кадравая зьмена ў вайсковым камандаваньні Ўкраіны з таго часу, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Міхайла Драпаты — генэрал-маёр Узброеных сілаў Украіны, які ўдзельнічае ў адбіцьці расейскай агрэсіі з 2014 году. Шырокую вядомасьць ён атрымаў падчас баёў за Марыюпаль у 2014 годзе, калі ўкраінская бранятэхніка пад яго камандаваньнем прарвалася ў захоплены расейцамі горад.

У апошнія гады Драпатага называюць адным з самых аўтарытэтных баявых камандзіраў Узброеных сілаў Украіны. У прыватнасьці, некаторыя ўдзельнікі нядаўніх мітынгаў супраць адстаўкі міністра абароны Міхайла Фёдарава заклікалі прызначыць галоўным вайскаводам менавіта Драпатага.

Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ў 2022-м Драпаты камандаваў групоўкамі войскаў на паўднёвым і ўсходнім кірунках, у прыватнасьці, адказваў за абарону Херсонскай вобласьці і Харкаўскага кірунку, а таксама ўзначальваў апэратыўна-тактычную групу «Луганск». У лістападзе 2024 году прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі прызначыў яго камандаваць Сухапутнымі войскамі Ўзброеных сілаў Украіны, адзначыўшы, што генэрал «пасьпяхова арганізаваў абарону на Харкаўскім кірунку і сарваў наступальную апэрацыю расейскіх войскаў».

У чэрвені 2025 году, пасьля расейскага ўдару па палігоне ў Днепрапятроўскай вобласьці, Драпаты падаў рапарт аб адстаўцы і ўзяў на сябе асабістую адказнасьць за гібель вайскоўцаў. Тады ад расейскага ўдару загінулі 12 вайскоўцаў і больш за 60 атрымалі раненьні.

«Як камандзір, я ня змог цалкам забясьпечыць выкананьне сваіх загадаў. Я ня ціснуў, не пераконваў, не зьмяняў стаўленьня да чалавека ў шыхце. Гэта мая адказнасьць», — сказаў тады Драпаты.

«Мы не пераможам у гэтай вайне, калі не пабудуем армію, дзе гонар — гэта ня слова, а дзеяньне. Дзе адказнасьць — гэта не пакараньне, а аснова даверу. Дзе кожны камандзір нясе адказнасьць кожны дзень — за загад, за рашэньне, за чалавека», — заявіў Драпаты.

Вайскоўцы і экспэрты, апытаныя тады Ўкраінскай службай Радыё Свабода, у большасьці сваёй не лічылі, што генэрал павінен быў несьці асабістую адказнасьць за ўдар па палігоне, калі яго загады аб бясьпецы не выконваліся на месцы. Зяленскі тады не прыняў ягоную адстаўку.

Міхайла Драпаты
Міхайла Драпаты

Пасьля нядаўняй адстаўкі міністра абароны Міхаіла Фёдарава Драпаты 15 ліпеня публічна падтрымаў працяг рэформаў ва Ўзброеных сілах Украіны.

Ён заявіў, што сыстэма патрабуе зьменаў, бо шмат важных рашэньняў трэба прымаць «супраць сыстэмы, а ня дзякуючы ёй», і заклікаў да працягу рэформаў у вайсковым кіраваньні.

«Маўчаньне не абараняе армію, яно толькі дазваляе назапашвацца памылкам, у той час як іх выпраўляць становіцца значна цяжэй», — сказаў генэрал.

21 ліпеня, пасьля абвяшчэньня аб яго прызначэньні на пасаду галоўнага вайскавода Ўзброеных сілаў Украіны, Міхайла Драпаты падзякаваў прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму за давер, выканаўцу абавязкаў міністра абароны Ўкраіны Яўгену Хмару за падтрымку, а таксама Арміі абароны Ўкраіны за новы этап службы.

«Служыць Украіне заўсёды было для мяне гонарам, а падчас вайны за незалежнасьць гэта азначала абсалютную адказнасьць. Я буду працаваць адказна, мэтанакіравана і з павагай да людзей, якія сёньня абараняюць нашу дзяржаву», — напісаў ён у Facebook.

Драпаты падзякаваў і свайму папярэдніку Аляксандру Сырскаму за «пасьлядоўную працу для ўмацаваньня ўкраінскай арміі — я ў ёй вырас».

Міхайла Фёдараў, які раней крытыкаваў Аляксандра Сырскага, павіншаваў генэрал-маёра Драпатага з прызначэньнем на пасаду.

«Гэта новае паветра і новая надзея ў барацьбе свабодных людзей за свабоду і справядлівасьць. Голас пераменаў, які нельга было ігнараваць», — напісаў ён.

  • Міхайла Драпаты нарадзіўся 21 лістапада 1982 году ў Камянцы-Падольскім.
  • Скончыў Харкаўскі інстытут танкавых войскаў (2004) і Нацыянальны ўнівэрсытэт абароны Ўкраіны.
  • Пасьля заканчэньня вучобы пачаў службу ў 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе УСУ.
  • Драпаты зьяўляецца кавалерам ордэну Багдана Хмяльніцкага трох ступеняў і мае званьне Героя Ўкраіны.



Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG