Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі зьняў Сырскага і прызначыў новага кіраўніка Ўзброеных сілаў Украіны

Аляксандар Сырск
Аляксандар Сырск

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі звольніў Аляксандра Сырскага з пасады галоўнага вайскавода Ўкраіны. Цяпер Узброеныя сілы краіны ачоліць Міхайла Драпаты.

Раней Драпаты камандаваў Сухапутнымі войскамі, Херсонскім і Хорціцкім камандаваньнямі спэцыяльных апэрацый. Ён таксама арганізоўваў абарону на Харкаўскім кірунку і быў адным з камандзіраў, якія кіравалі вызваленьнем правабярэжнай Херсоншчыны, піша ўкраінская служба Свабоды.

У чэрвені 2025 году Драпаты падаў у адстаўку з тагачаснай пасады пасьля расейскага ўдару па ўкраінскім палігоне, дзе былі ахвяры. Пасьля гэтага яго прызначылі камандаваць Аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сілаў Украіны.

Звальненьне Сырскага і прызначэньне Драпатага адбылося на фоне канфлікту паміж кіраўніцтвам Генэральнага штабу і Міністэрства абароны, адстаўкі Міхайла Фёдарава з пасады міністра абароны, а таксама пратэстаў у Кіеве і іншых гарадах.

Сам Сырскі напярэдадні, калі яшчэ знаходзіўся на пасадзе, сказаў, што ня меў звады зь Фёдаравым, а размовы пра напружаныя адносіны розных бакоў у камандаваньні перабольшаныя.

Інфармацыю пра сваё звальненьне Сырскі пакуль не камэнтаваў.

Што папярэднічала

З раніцы 16 ліпеня ў Кіеве і многіх іншых гарадах Украіны ішлі пратэсты супраць рашэньня прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага звольніць Міхаіла Фёдарава з пасады міністра абароны.

Паводле інфармацыі «Української правди», на сустрэчы з фракцыяй «Слуга народу» прэзыдэнт Зяленскі растлумачыў, што больш ня можа трываць канфлікту паміж міністрам абароны і галоўным вайскаводам Аляксандрам Сырскім. Хоць у чэрвені і Сырскі, і Фёдараў публічна адмаўлялі канфлікт.

Хто такі Фёдараў

34-гадовы Міхаіл Фёдараў, які быў завадатарам лічбавай трансфармацыі ўраду і залучыў дронавыя інавацыі як важную зброю ў вайне, заявіў, што быў звольнены з пасады 15 ліпеня.

За шэсьць месяцаў яго знаходжаньня на пасадзе міністра абароны Ўкраіна значна палепшыла сваё становішча на полі бою, шматкроць атакуючы расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы, ствараючы дэфіцыт паліва ў Расеі й ставячы расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ў цяжкое становішча.

У разьвітальным допісе ў сацыяльных сетках Фёдараў адзначыў некалькі сваіх захадаў на пасадзе міністра, у тым ліку блякаваньне доступу расейскіх войскаў да спадарожнікаў Starlink, што «рэзка зьнізіла іх здольнасьць весьці эфэктыўную вайну з дапамогай бесьпілётнікаў».

Ён дадаў, што будзе працягваць працаваць, каб «перамагчы ворага з дапамогай асымэтрыі, хуткасьці інавацыяў і сілы арганізацыі».

Фёдарава прызначылі першым міністрам лічбавай трансфармацыі Ўкраіны ў 2019 годзе. На гэтай пасадзе ён праводзіў мадэрнізацыю нязграбных дзяржаўных службаў ураду, многія зь якіх існуюць яшчэ з савецкіх часоў.

Ня менш важным было забесьпечыць празрыстасьць бюракратычных працэсаў, што дапамагло часткова пазбавіцца ад глыбока ўкаранёных карупцыйных практыкаў.

Рэформы пад умоўнай назвай «дзяржава ў смартфоне» былі станоўча ўспрынятыя ўкраінцамі, а папулярнасьць і посьпех Фёдарава прывялі да яго павышэньня ў Кабінэце міністраў да пасады віцэ-прэм’ера. У студзені 2026 году Фёдараў быў прызначаны на пасаду міністра абароны.

Нягледзячы на брак у яго вайсковай адукацыі, што выклікала пэўныя нараканьні ўва Ўзброеных сілах Украіны, прызначэньне Фёдарава прывяло да ўсплёску выкарыстаньня і вытворчасьці дронаў — галіне ваенных інавацыяў, у якой Украіна дасягнула посьпеху. Апошнімі тыднямі Ўкраіна выкарыстоўвала бесьпілётнікі для ўдараў па шматлікіх цэлях у глыбіні тэрыторыі Расеі.

За што яго звольнілі

Украінскія мэдыя раней ужо пісалі, што Фёдарава могуць звольніць, бо ён знаходзіцца ў «сыстэмным канфлікце» зь іншымі чальцамі Кабінэту міністраў, якія ўдзельнічаюць у разьмеркаваньні выдаткаў на абарону.

Выданьне «Українська правда» (УП) пісала аб працяглым канфлікце Міхаіла Фёдарава і галоўнакамандуючага Аляксандра Сырскага.

Паводле суразмоўцаў УП, прэзыдэнт растлумачыў, што больш ня можа мірыцца з пастаянным канфліктам паміж міністрам абароны і галоўнакамандуючым Аляксандрам Сырскім, — перадаваў сайт словы аднаго з дэпутатаў парлямэнту.

«Яны жывуць у двух розных сьветах. Міхайла хоча ўсё алічбаваць, пабудаваць сыстэму вакол тэхналёгіяў. Вайскоўцы проста хочуць быць пачутымі. Яны просяць набыць пэўны тып зброі, але ён адмаўляецца і фінансуе іншыя сфэры. Яны проста перасталі чуць адно аднаго», — пераказвае словы прэзыдэнта Зяленскага дэпутат.

Дэн Райс, прэзыдэнт Амэрыканскага ўнівэрсытэту ў Кіеве і былы спэцыяльны дарадца галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі Ўкраіны, заявіў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што Фёдарава могуць перавесьці на іншую высокую пасаду, у тым ліку, магчыма, на пасаду амбасадара Ўкраіны ў Злучаных Штатах.

«Я думаю, што ён зрабіў выбітную працу за вельмі кароткі прамежак часу. У яго ёсьць шанец вельмі дапамагчы адносінам паміж Украінай і ЗША. Але час пакажа, чаго хоча прэзыдэнт Зяленскі», — сказаў Райс пра Фёдарава.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG