Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея атакавала Запарожжа і Адэсу, пад украінскі ўдар патрапіў Белгарад

Наступствы расейскай атакі Адэсы. 31 жніўня 2026
Наступствы расейскай атакі Адэсы. 31 жніўня 2026

Пад паветраныя ўдары 30 і 31 жніўня зноў патрапілі жылыя дамы і інфраструктурныя аб'екты ва Ўкраіне і Расеі.

У ноч на 31 жніўня расейскія вайскоўцы запусьцілі па Ўкраіне адну кіраваную авіяцыйную ракету Х-59 і 121 бесьпілётнік, з іх 96 зьбілі ўкраінскія сілы, а ракета Х-59 цэлі не дасягнула, заявілі ў Паветраных сілах Украіны.

У Запарожжы расейскі дрон ударыў па шматпавярховым доме. Як паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Іван Фёдараў, раненьні атрымалі два чалавекі, у тым ліку падлетак.

Таксама была атакаваная пажарна-выратавальная частка ў адным з населеных пунктаў Запароскай вобласьці. У выніку ўдару пашкоджаны дах, вокны і дзьверы будынка падразьдзяленьня, а таксама пажарная аўтацыстэрна і легкавы аўтамабіль. Супрацоўнікі часткі не пацярпелі.

Кіраўнік Адэскай абласной адміністрацыі Алег Кіпер паведаміў аб удары па тэрмінале «Новай пошты». Паводле яго слоў, пажар ужо патушылі.

У Белгарадзе пад паветраны ўдар патрапілі ЦЭЦ і склад Ozon

30 жніўня каля 16 гадзін дня расейскі Белгарад падвергся абстрэлу з боку Ўкраіны. Паводле мясцовых тэлеграм-каналаў, пад удар трапілі Белгарадэкая ЦЭЦ, электрападстанцыі і тэрмінал «Эстейт Логистик», у якім разьмяшчаецца склад маркетплэйса Ozon. На складзе і на ЦЭЦ пасьля ўдараў узьніклі пажары, паведамляе мясцовае выданьне «Пепел. Белгород».

Выконваючы абавязкі губэрнатара Белгарадскай вобласьці Аляксандр Шуваеў паведаміў, што загінулі два чалавекі: дарослы і 16-гадовы падлетак.

Таксама ракета пашкодзіла белгарадзкую тэлевежу, а ў абанэнтаў у горадзе адключылася лічбавае тэлебачаньне.

У кампаніі Ozon распавялі, што пад удар патрапіў іх лягістычны цэнтар і хаб. Супрацоўнікаў эвакуявалі, ёсьць пацярпелыя. Ozon прыпыніў прыём і дастаўку заказаў у Белгарадзе і вобласьці, «пакуль ня будуць перабудаваны лягістычныя ланцужкі».

Каля Турэччыны на мель села пашкоджаны расейскі карабель

Каля берага Турцыі непадалёк ад Стамбула 30 жніўня села на мель расейскае грузавое судна. Як паведамляе турэцкая прэса, раней яно падверглася нападу беспілётнікаў у порце Наварасійск. Пасьля ўдару экіпаж пакінуў сухагруз на шлюпках, а пашкоджанае судна без людзей дрэйфавала па Чорным моры, пакуль яго не прыбіла хвалямі да турэцкага берагу.

108-мэтровы грузавы карабель «Омский-107» прыпісаны да порту Таганрог. У апошні час ён выконваў грузаперавозкі паміж паўднёвымі партамі Расеі і Турэччынай. Дакладная дата атакі на яго ў Наварасійску не называецца.

  • Расейскія войскі рэгулярна атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру ракетамі, ударнымі бесьпілётнікамі, кіраванымі авіябомбамі, іншымі відамі ўзбраеньняў.
  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны мэтанакіраваныя.
  • Абстрэл сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня і ўстановаў аховы здароўя з мэтай пазбавіць людзей электрычнасьці, цяпла, забесьпячэньня вадой, сувязі, мэдычнай дапамогі і іншых неабходных для жыцьця ўмоваў — прыкмета генацыдных дзеяньняў.
  • Крэмль адмаўляе, што расейская армія падчас паўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG