Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве на ўнівэрсытэцкі даўгабуд няма грошай. Будынак разбураецца


Даўгабуд, схаваны білбордам з карцінкай пра 750-годзьдзе Магілёва
Даўгабуд, схаваны білбордам з карцінкай пра 750-годзьдзе Магілёва

На завяршэньне шматгадовага будаўніцтва лябараторна-навучальнага корпусу Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту няма сродкаў. Яго пачалі ў 1993 годзе. Даўгабуд за трыста мэтраў ад аблвыканкаму. Будоўля замарожаная.

Тое, што на корпус няма фінансаваньня, вынікае з адказу старшыні Магілёўскага гарсавету Сяргея Іванова на калектыўны зварот магілёўцаў.

«Мы патрабуем неадкладна зрабіць захады для завяршэньні будаўніцтва лябараторна-навучальнага корпусу, а не займацца адпіскамі і гаварыльняй», — адзначана ў лісьце да гарсавету.

Фінансаваньне будаўніцтва ўнівэрсытэцкага корпусу, як адпісаў Іваноў, ідзе з агульнадзяржаўнага бюджэту. Сродкі з гарадзкога бюджэту ў 2017 годзе, паводле Іванова, ішлі на абʼекты, «ня менш сацыяльна значныя для гараджан»: на будаўніцтва дзіцячага садку ды рэканструкцыю двух бальнічных карпусоў.

Пашпарт абʼекту пачарнеў у чаканьні завяршэньня будаўніцтва
Пашпарт абʼекту пачарнеў у чаканьні завяршэньня будаўніцтва

Пра пэрспэктывы фінансаваньня і тэрміны завяршэньня будаўніцтва ў лісьце не гаворыцца. У пашпарце абʼекту напісана, што будаўнічыя працы мелі скончыцца ў 2014 годзе.

У адміністрацыі Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту пацьвердзілі, што лябараторна-навучальны корпус патрэбны навучальнай установе, і выказалі спадзеў, што «ён будзе дабудаваны». Канкрэтызаваць, калі ж скончыцца будаўніцтва, ня сталі.

«Нядаўняя трагедыя можа паўтарыцца»

Подпісы магілёўцаў пад зваротам да чыноўнікаў зьбіраў актывіст прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Аляксей Паўлоўскі. Ён не адзін год намагаецца прыцягнуць увагу ўладаў да даўгабуду ў цэнтры гораду. Кожны раз яму адпісваюць, што няма грошай.

Гэтым разам актывіст спаслаўся на заяву Лукашэнкі пра неабходнасьць «разабрацца» з даўгабудамі. У адміністрацыю кіраўніка дзяржавы прафсаюзьнік таксама адправіў ліст, але адказу адтуль няма.

«Чыноўнікі сьляпыя ды глухія і ня хочуць заўважаць таго, што творыцца ў іх пад носам. Чаму?» — запытаўся Паўлоўскі ў Лукашэнкі.

Сьцены ўнівэрсытэцкага корпусу не атынкаваныя, жалезныя канструкцыі не ізаляваныя, вокны не зашклёныя. Адхоны пляцоўкі абвальваюцца
Сьцены ўнівэрсытэцкага корпусу не атынкаваныя, жалезныя канструкцыі не ізаляваныя, вокны не зашклёныя. Адхоны пляцоўкі абвальваюцца

У інтэрвію Свабодзе Аляксей Паўлоўскі адзначыў, што недабудаваны ўнівэрсытэцкі корпус разбураецца. На думку будаўніка з шматгадовым стажам, вылучаныя на кансэрвацыю абʼекту грошы ўжытыя нерацыянальна. Сылікатныя блёкі, кажа ён, не атынкаваныя, а мэталічныя канструкцыі не ізаляваныя. Гэты абʼект становіцца сацыяльна небясьпечным, лічыць актывіст, і нагадвае пра трагедыю зь недабудаваным прыватным домам, якая забрала жыцьці дваіх дзяцей.

«Тое ж можа адбыцца і на пляцоўцы ўнівэрсытэцкага корпусу, — засьцерагае Паўлоўскі. — Яна хоць і агароджаная, але доступ для дзяцей і падлеткаў на яе ёсьць».

У Магілёве памёр другі хлопчык, на якога абрынулася бэтонная пліта

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG