Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве памёр другі хлопчык, на якога абрынулася бэтонная пліта


Недабудаваны дом, дзе гулялі дзеці. Фота Сьледчага камітэту

Дзевяцігадовы хлопчык, які 1 лістапада пацярпеў ад абрынаньня бэтоннай пліты дому ў Магілёве, памёр у шпіталі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Сьледчы камітэт.

Увечары 1 лістапада на двух хлопчыкаў абрынулася бэтонная пліта ў недабудаваным доме. Хлопчык 2007 году нараджэньня загінуў, ягоны сябар 2008 году нараджэньня ў стане клінічнай сьмерці трапіў у шпіталь. Абодва з шматдзетных семʼяў.

За недабуд у Магілёве, дзе загінуў хлопчык, адкажуць чыноўнікі

Упраўленьне Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці працягвае расьсьледаваньне паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу «Прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці» і «службовая нядбайнасьць». Паводле Сьледчага камітэту, службовыя асобы ўпраўленьня культуры і будаўніцтва ды іншых падразьдзяленьняў Магілёўскага гарвыканкаму ня выканалі сваіх службовых абавязкаў і патрабаваньняў заканадаўства.

Будоўля дому пачалася ў 2008 годзе незаконна. Таму ў 2010 годзе абласны Камітэт дзяржаўнага кантролю загадаў яго зьнесьці. Нягледзячы на загад, занядбаны дом прастаяў 7 гадоў на адкрытым паветры.

Адразу пасьля здарэньня быў затрыманы гаспадар дому. Цяпер ён на волі, але застаецца ў статусе падазраванага ў крымінальнай справе паводле артыкулу «прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці».

XS
SM
MD
LG