Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве дазволілі не плаціць міліцыі за мітынгі


Магілёўскі гарвыканкам

Магілёўскі гарвыканкам прывёў у адпаведнасьць з рашэньнямі ўраду сваё рашэньне аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемствах у горадзе. Чыноўнікі дазволілі арганізатарам не заключаць дамовы зь міліцыяй, але пакінулі патрабаваньне мець такія дамовы з мэдыкамі і камунальнікамі.

«У выпадках, калі арганізацыя масавага мерапрыемства адбываецца без удзелу органаў дзяржаўнай улады, — паведаміў гарвыканкам магілёўскім праваабаронцам Барысу Бухелю і Аляксею Колчыну, — арганізатары мерапрыемства павінны падаць зьвесткі аб заключаных ва ўстаноўленым парадку дамовах на мэдычнае абслугоўваньне падчас мерапрыемства ды забесьпячэньне прыбіраньня тэрыторыі пасьля мерапрыемства».

Магілёўскія праваабаронцы лічаць зьмененае рашэньне наконт міліцыі невялікай саступкай грамадзтву. Разам з тым актывісты настойваюць, што сам закон «Аб масавых мерапрыемствах», якім кіруюцца чыноўнікі на месцах, варты скасаваньня.

«Гэты закон супярэчыць міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама іншым абавязаньням Беларусі, — аргумэнтуе пазыцыю праваабаронцаў адзін зь іх, Барыс Бухель. — Міжнародныя дамовы — частка беларускага заканадаўства, маюць прыярытэтнае значэньне і падлягаюць абавязковаму выкананьню. Выходзіць, што на паперы прапісаныя правы, але фактычна чалавек рэалізаваць іх ня можа».

Бухель не гатовы казаць, ці стане прасьцей атрымаць дазвол на акцыі пратэсту пасьля такой «саступкі» з боку гарвыканкаму. Але адзначыў, што мэдыкі і камунальнікі дужа неахвотна дагэтуль згаджаліся заключаць дамовы з арганізатарамі такіх акцыяў.

Праваабаронца ня змог прыгадаць, калі на вызначанай чыноўнікамі пляцоўцы ўдалечыні ад людных вуліц праходзілі санкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы. Адзінае месца, на якое адпраўляе гарвыканкам ахвотнікаў папратэставаць, — стадыён «Хімік» на вуліцы Чалюскінцаў.

XS
SM
MD
LG