Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст АГП з Магілёва настойвае, што яго судзілі тайна і парушылі права на абарону


Раман Мішчанка, архіўнае фота
Раман Мішчанка, архіўнае фота

Ленінскі раённы суд Магілёва не прызнаў факту правядзеньня «тайнага» адміністрацыйнага працэсу супраць сябра АГП Рамана Мішчанкі.

Актывіста абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі пратэсту і пакаралі 15 суткамі арышту. Падставай для абвінавачваньня апазыцыянэра сталі ягоныя заклікі ў сацыяльных сетках да ўдзелу ў Маршы Салідарнасьці, які меўся адбыцца 1 траўня. У дзень абвешчанай акцыі актывіста зьняволілі і ўтрымлівалі ў выцьвярэзьніку.

Скарга на парушэньне правоў

Напісаць скаргу на імя старшыні суду на дзеяньні судзьдзі Аксаны Ратнікавай, якая разглядала справу, Раман Мішчанка быў вымушаны, каб заявіць пра недапушчальнасьць выкарыстаньня судом практыкі тайных працэсаў, што супярэчыць заканадаўству:

«Мяне судзілі тайным судом, каб журналісты, праваабаронцы ды іншыя ахвочыя быць на працэсе не маглі дазнацца пра акалічнасьці справы і прычыны майго затрыманьня», — адзначыў праваабаронца ў інтэрвію Свабодзе.

Праваабаронца Барыс Бухель, гаворачы пра сытуацыю з судом над Мішчанкам, адзначаў, што яго «пазбавілі магчымасьці абмеркаваць свае паводзіны на працэсе».

«Такім чынам было парушана ягонае права на абарону», — даводзіў праваабронца.

Адказ суду: ахвочых не было

У лісьце з суду Раману Мішчанку паведамілі, што разгляд ягонай справы пачаўся а 14 гадзіне і сакратар удакладніла, «ці ёсьць асобы, ахвочыя прысутнічаць на адкрытым судовым пасяджэньні, аднак такіх асобаў не было». У допісе адзначаецца, што Мішчанку судзьдзя Ратнікава патлумачыла яго правы і абавязкі на працэсе.

«Вашы довады, — напісала апазыцыянэру старшыня суду Галіна Кужалева, — што судовае пасяджэньне пачалося да сканчэньня абедзеннага перапынку і на ім не маглі прысутнічаць вашы знаёмыя і абаронца, у ходзе праверкі не знайшлі свайго пацьверджаньня».

Вінаваты ахоўнік?

Барыс Бухель, камэнтуючы ліст Кужалевай, адзначае, што пасьпець на судовае пасяджэньне а 14 гадзіне ў ахвочых прысутнічаць на ім не было ніякай магчымасьці, бо ў гэты час ахоўнік толькі дазваляе ўвайсьці наведнікам пасьля абеду ў будынак.

«Судовая практыка сьведчыць, што пачынаюць разглядаць справы празь дзесяць-пятнаццаць хвілінаў па сканчэньні абедзеннага перапынку, паколькі ўлічваецца, што на ўваходзе ахоўнік спраўджвае пашпартныя зьвесткі ў наведнікаў, — кажа Бухель. — Аднак гэтая норма чамусьці ўсё часьцей стала парушацца, калі разглядаюцца палітычныя справы. Зразумела ў такой сытуацыі абвінавачваны пазбаўляецца магчымасьці атрымаць юрыдычную дапамогу перад разглядам справы».

Сёлета, паводле Барыса Бухеля, «тайна» асудзілі аднаго з арганізатараў магілёўскай «Прагулкі недармаедаў», кіраўніка абласной арганізацыі АГП Уладзімера Шанцава. Практыку такога разгляду адміністрацыйных спраў выкарыстоўвалі ў магілёўскіх судах у 2011 годзе, калі судзілі затрыманых на «маўклівых акцыях пратэсту».

Утрымліваньне Мішчанкі ў выцьвярэзьніку дазволіла казаць праваабаронцам пра новую форму прэвэнтыўнага зьняволеньня актывістаў апазыцыі. Паколькі агучаныя неафіцыйна супрацоўнікамі міліцыі падставы для ўтрыманьня апазыцыянэра ў спэцізалятары выклікалі ў журналістаў і праваабронцаў сумневы ў іх праўдзівасьці, то застаўся толькі суд, каб спраўдзіць іх.

Сам Мішчанка казаў, што затрымалі яго цьвярозым, але алькатэст паказаў 1,28 прамілі ап’яненьня. Паводле актывіста, з выцьвярэзьніка яго вывезьлі супрацоўнікі Ленінскага аддзелу міліцыі празь некалькі гадзінаў з нулявым узроўнем алькаголю ў арганізьме.

Сам момант, калі Мішчанку міліцыянты прывезьлі ў суд, удалося ўгледзець выпадкова. У будынак суду яго прывялі двое міліцыянтаў за дзесяць хвілінаў да сканчэньня абедзеннага перапынку. Ахоўнік не дазволіў журналістам і праваабаронцам прайсьці ў суд, пакуль ня скончыўся абед. Судзьдзя Ратнікава, разгледзеўшы справу, вырак па ёй зачытвала ў вялікай залі. У матэрыялах справы і выраку судзьдзі Ратнікавай пра выцьвярэзьнік згадкі не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG