Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста з Мастоў аштрафавалі за акцыю, на якой яго не было


Васіль Клімовіч, архіўнае фота

Васіля Клімовіча пакаралі 189 рублямі штрафу (9 базавых велічынь) за тое, што нібыта 30 кастрычніка 2016 году браў удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі — ушанаваньні памяці паўстанцаў Каліноўскага на Дзяды ў Сьвіслачы. Паводле Клімовіча, на гэтым мерапрыемстве ён ня быў наагул.

Скаргу на рашэньне Мастоўскага раённага суда не задаволіў напачатку абласны суд, а цяпер ён атрымаў адказ на скаргу ўжо на рашэньне абласнога суда ад старшыні Гарадзенскага абласнога суда Аляксандра Корзуна. Старшыня абласнога суда лічыць, што рашэньні ў адносінах да Васіля Клімовіча цалкам адпавядаюць закону.

Васіль Клімовіч сьцьвярджае, што 30 кастрычніка 2016 году не прысутнічаў на ўшанаваньні паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы. У раённым судзе ён хадайнічаў, каб у якасьці сьведак выклікалі ягоных родных і блізкіх людзей, зь якімі ён правёў гэты дзень. Аднак судзьдзя не задаволіў хадайніцтва.

Ушанаваньне паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы, верасень 2016 году
Ушанаваньне паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы, верасень 2016 году

У раённым судзе супраць яго сьведчылі міліцыянты, а таксама паказалі здымак, на якім актывіст нібыта ёсьць. Клімовіч кажа, што на здымку ня ён, а нейкі іншы чалавек, што ў яго нават няма такой вопраткі. Але ягоныя словы засталіся без увагі суду.

У абласны суд на разгляд скаргі Клімовіч прывёў бацьку і жонку, каб яны выступілі ў якасьці сьведак. Але абласны судзьдзя сказаў, што пры разглядзе касацыйнай скаргі сьведак не апытваюць, і адмовіў у хадайніцтве.

«Маю скаргу ня хочуць разглядаць толькі на той падставе, што справа тут палітычная. Яны ня хочуць на гэта нават свой час марнаваць. Каб гэта была яшчэ нейкая бытавая справа, то можа б хто і разабраўся. А так яны ведаюць мае погляды — маўляў, калі сёньня яго там не было, то быў учора ці будзе заўтра», — кажа актывіст.

Клімовіч падаў скаргу ў абласную пракуратуру, але адтуль адказу пакуль няма. Ён таксама мае намер падаваць скаргу ў Вярхоўны суд.

Паводле гарадзенскага праваабаронцы Ўладзімера Хільмановіча, на ўзроўні абласнога суду створаны небясьпечны прэцэдэнт. Бо атрымліваецца, што цяпер чалавека можна засудзіць нават за тое, чаго ён насамрэч не рабіў.

Уладзімер Хільмановіч, архіўнае фота
Уладзімер Хільмановіч, архіўнае фота

«Падобныя прэцэдэнты ўжо былі, калі засудзілі бязрукага за тое, што пляскаў у ладкі, і глуханямога — што выкрыкваў лёзунгі і нецэнзурна лаяўся. Але тут скаргі разглядалі і абласны судзьдзя, і старшыня абласнога суду. Мне цяжка ўявіць, што на такім узроўні маглі проста памыліцца».

Хільмановіч кажа, што ў дадзеным выпадку могуць быць толькі два варыянты:

«Першы: існуе негалосны загад, паводле якога „не рэкамэндуецца“ задавальняць справы апазыцыянэраў. І судзьдзі становяцца закладнікамі гэтага загаду, баяцца ўзяць на сябе адказнасьць. Другі варыянт: яны папросту не глядзяць гэтых спраў, падпісваюць тое, што ім кладуць на стол сакратары. Там сядзяць адукаваныя, дасьведчаныя людзі, і проста сьпісваць гэта на памылку не атрымліваецца».

Гэта ўжо ня першы раз, калі людзей судзяць за ўдзел у акцыі, у якой яны ня бралі ўдзелу. Так, у судзе Цэнтральнага раёну Менску адбыўся працэс над палітолягам і грамадзкім дзеячам Уладзімерам Мацкевічам. Яго зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў 15 лютага, на якім яго не было. У выніку судзьдзя адправіла пратакол міліцыянтам на дапрацоўку. У дзень акцыі спадар Мацкевіч быў у Варшаве.

XS
SM
MD
LG