Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскага журналіста-фрылансэра Сяргея Русецкага пакаралі штрафам за сюжэт, якога не было


Журналіст Сяргей Русецкі

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску пакараў журналіста-фрылансэра Сяргея Русецкага штрафам у памеры 460 рублёў за парушэньне парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ.

Прысуд вынесла судзьдзя Алеся Жарыкава.

Падзеі, якія сталі прадметам разгляду ў судзе, адбыліся 25 сакавіка: тады Сяргей Русецкі, які супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат», зьбіраў матэрыялы пра сьвяткаваньне Дня Волі ў Віцебску.

У той дзень да спадара Русецкага прэтэнзій з боку міліцыі не было. Яго выклікалі ў Кастрычніцкі РАУС 11 красавіка, і тады старшы інспэктар аддзелу аховы парадку і прафіляктыкі Сяргей Вяракса паведаміў журналісту, што яго лічаць вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Сяргею Русецкаму ўдалося давесьці, што ён ня быў удзельнікам сьвяткаваньняў, а меўся іх асьвятляць. Таму распачатую ўжо справу скасавалі, а завялі новую, паводле артыкула 22.9.

Падчас судовага працэсу журналіст-фрылансэр спрабаваў патлумачыць судзьдзі Жарыкавай, што ён фізычная, а не юрыдычная асоба. А таму ў прынцыпе ня можа выконваць функцыі рэдакцыі СМІ, якая вырабляе і распаўсюджвае друкаваныя ці мэдыйныя матэрыялы.

Да ўсяго, падкрэсьліваў спадар Русецкі, матэрыялы, зьнятыя зь ягоным удзелам у якасьці журналіста, так і не ўвайшлі ў ніводзін відэасюжэт, паказаны на тэлеканале «Белсат».

Судзьдзя Алеся Жарыкава выслухала ягоныя аргумэнты, але да ўвагі не прыняла. За асноўны доказ вінаватасьці журналіста быў узяты фрагмэнт апэратыўных відэаздымак, на якім відаць, як Русецкі трымае мікрафон і апытвае людзей.

Сяргей Русецкі — адзіны віцебскі журналіст, які быў пакараны пасьля падзеяў 25 сакавіка паводле артыкула 22.9. Журналіст-фрылансэр з Воршы Арцём Сізінцаў быў асуджаны на 10 сутак нібыта за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Паводле таго самага артыкула 23.34 — нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі — былі пакараныя арыштамі на 15 сутак журналісты і праваабаронцы Леанід Сьвецік і Канстанцін Мардзьвінцаў, якія зьбіраліся асьвятляць падзеі Дня Волі на праваабарончых сайтах.

XS
SM
MD
LG