Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кантэйнэры для макулятуры знайшлі кнігу XVIII стагодзьдзя, надрукаваную ў Вільні


Рэдкія кнігі знойдзеныя ў кантэйнэрах для макулятуры ў Менску.
Рэдкія кнігі знойдзеныя ў кантэйнэрах для макулятуры ў Менску.

У кантэйнэры для макулятуры знайшлі кнігу XVIII стагодзьдзя, надрукаваную ў Вільні

У кантэйнэры для макулятуры ў Менску знайшлі падручнік па тэалёгіі, надрукаваны ў 1765 годзе ў Вільні. Пасьля экспэртызы кнігу перададуць у Нацыянальную бібліятэку.

Рэдкае выданьне знайшлі ў адным з кантэйнэраў для макулятуры ТАА «Белгіпс-эка». Кніга пад назвай Compendium theologiae moralis — багаслоўскі трактат, надрукаваны на лацінскай мове манаскім ордэнам піяраў у Вільні ў XVIII стагодзьдзі. «Інфармацыі пра ўладальніка ў нас няма, — сказала Свабодзе Лілія Сёмачкіна, намесьніца дырэктара „Белгіпс-эка“. — Ніхто не зьвяртаўся».

Рэдкія кнігі знойдзеныя ў кантэйнэрах для макулятуры ў Менску.
Рэдкія кнігі знойдзеныя ў кантэйнэрах для макулятуры ў Менску.

Рарытэты, якія «Белгіпс-эка» перадае ў Нацыянальную бібліятэку

У кантэйнэрах «Белгіпс-эка» знайшлі і іншыя рэдкія выданьні — «Псалтыр» (Кіеў, 1888 год), «Творы Памялоўскага. Том першы», (1909 год) і «Творы М. В. Гогаля. Поўны збор у адным томе» (Масква, 1921 год). Разам зь віленскім падручнікам маральнай тэалёгіі гэтыя кнігі перададуць у Нацыянальную бібліятэку Беларусі 15 верасьня, калі адзначаецца Дзень бібліятэк.

Пэрыядычна ў кантэйнэры для кніг трапляюць і арыгіналы дакумэнтаў ваеннага часу. Іх перадаюць у музэй Вялікай Айчыннай вайны.

Зь вясны 2015 году «Белгіпс-эка» зьбірае старыя кнігі, сартуе і перадае іх у бібліятэкі.

Большасьць кніг, якія трапляюць у кантэйнэры, надрукаваныя за савецкім часам. На клясыку кшталту Талстога, Чэхава, Бальзака і Вальтэра Скота заўжды ёсьць попыт. А вось агітацыйную літаратуру часьцей перадаюць на перапрацоўку.

«Савецкую прапагандысцкую літаратуру складана камусьці перадаць, — кажа Сёмачкіна. — Тое, што насіла агітацыйны характар, пра савецкую ўладу, Сталіна і Леніна, часта залежваецца. Гэта мы вымушаны перадаваць на перапрацоўку».

Беларуская літаратура ў кантэйнэры трапляе рэдка. Кніг на беларускай мове і беларускіх аўтараў ад усёй колькасьці — каля 10%.

А вось Алексіевіч пасьля атрыманьня Нобэлеўскай прэміі перастала залежвацца. У «Белгіпс-эка» цяпер тэлефануюць людзі і пакідаюць замову на яе кнігі.

За паўтара года празь «Белгіпс-эка» прайшлі 27 тысяч кніг у добрым стане. Зь іх 21 тысячу перадалі ў сацыяльныя арганізацыі Менску і іншых гарадоў, 6,5 тысячы застаюцца ў абменным фондзе арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG