Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні склалі 10 пратаколаў на ўдзельнікаў «Маршу недармаедаў». Судзіць могуць у дзень наступнага маршу, мяркуе актывіст


Акцыя ў Горадні 19 лютага

Пратаколы складзеныя на актывістаў гарадзенскіх партыяў і рухаў, якія нібыта бралі ўдзел у «Маршы недармаедаў» 19 лютага. Але пакуль ніхто не атрымаў позвы ў суд.

Сярод тых, на каго склалі пратаколы ў Горадні, — актывіст БХД Сяргей Верамеенка і ягоная жонка Вольга, сябры АГП — Ежы Грыгенчы, Мікалай Салянік і Ірына Давідовіч, сябры БНФ — Вадзім Саранчукоў і Віталь Гуляк, іншыя актывісты.

Ва ўсіх пратаколах запісана, што чалавек парушаў вызначаны парадак арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў і патрабаваньні нормаў артыкула 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях Рэспублікі Беларусь.

Вадзім Саранчукоў, кіраўнік абласной арганізацыі БНФ, якога апошнім выклікалі азнаёміць з пратаколам, сказаў Свабодзе, што такім чынам улады хочуць застрашыць актывістаў, бо ўжо абвешчаныя наступныя акцыі супраць дэкрэту № 3.

Віталь Гуляк, якога выклікалі падпісаць пратакол ажно з Ваўкавыску, дадаў:

«У мяне няма сумневу, што і суды нам прызначаць на 15 сакавіка, на дзень, калі прызначаная чарговая акцыя супраць дэкрэту № 3. Але гэта будзе яшчэ цікавей, бо тады судзіць нас будуць у Дзень Канстытуцыі».

За 100 сэкундаў: маршы «недармаедаў» ва ўсіх абласных гарадах Беларусі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:40 0:00

«Марш недармаедаў» 19 лютага ў Горадні ня быў санкцыянаваны ўладамі, арганізатары атрымалі забарону гарвыканкаму на яго правядзеньне. Тым ня менш некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся на Савецкай плошчы і пратэставалі супраць дэкрэту № 3. Гучалі лёзунгі «Жыве Беларусь!», «Не — дэкрэту № 3, Лукашэнка — сыходзь!», «Хто галоўны дармаед — прэзыдэнт!».

На плошчы зьбіралі подпісы супраць дэкрэту «аб дармаедах», ахвочыя распавядалі свае гісторыі, як яны сталі «дармаедамі». Затым некалькі дзясяткаў чалавек прайшлі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі па цэнтральнай вуліцы да аблвыканкаму і спрабавалі перадаць туды сабраныя подпісы супраць дэкрэту № 3, але ім не адчынілі.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG