Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі можа зьявіцца дакумэнт, альтэрнатыўны пашпарту


Фота ©Shutterstock

Такую магчымасьць 2 сакавіка разглядалі на пасяджэньні камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве і судова-прававых пытаньнях.

У дыскусіі ўдзельнічала і дэпутатка Палаты Алена Анісім, якая расказала Свабодзе:

«У нашай краіне ёсьць людзі, якія не жадаюць атрымліваць беларускі пашпарт. Некаторыя — з рэлігійных перакананьняў. Так, частка праваслаўных вернікаў лічыць, што ў асабістым нумары прысутнічае дʼябальская лічба 666. А яна, нібыта, не пакідае шанцу на збаўленьне ў іншым жыцьці.

Існуюць і іншыя падставы для адмовы. У маёй акрузе, напрыклад, ёсьць выбарнік, які кажа, што падчас нацысцкай акупацыі ягоны дзед адмовіўся атрымліваць нямецкае пасьведчаньне з асабістым нумарам. За гэта яго кінулі ў турму, дзе ён і загінуў. І цяпер унук катэгарычна адмаўляецца атрымліваць пашпарт, у якім прапісаны ідэнтыфікацыйны нумар. Ён стаіць на гэтых пазыцыях і жыве бязь дзейнага пашпарта.

Такія людзі самі сябе шмат у чым абмяжоўваюць. Напрыклад, бяз пашпарта яны ня могуць выехаць за межы Беларусі. Існуюць і іншыя нязручнасьці. І такім людзям трэба неяк дапамагчы. Так, яны сьвядома ідуць на зьмяншэньне ўласных правоў, але адначасова хочуць, каб мы іх абаранілі.

Канстытуцыйны суд Беларусі яшчэ больш за 10 гадоў таму канстатаваў, што выхад у інтарэсах грамадзян можна знайсьці праз прыняцьце дапаўненьняў, зьмяненьняў і паправак да закону „Аб рэгістры насельніцтва“. Аднак у дэпутатаў-папярэднікаў да гэтай справы чамусьці рукі не даходзілі. А сёлета плянуецца разгледзець зьмяненьні да гэтага закону. Вось чаму гэтае пытаньне набывае актуальнасьць.

Мае калегі разумеюць, што вырашыць пытаньне можна толькі праз увядзеньне новага дакумэнту, які будзе ў пэўнай ступені альтэрнатыўны пашпарту. Я мяркую, што гэта будзе нейкі ўнутраны дакумэнт. То бок гэта дакумэнт для пэўнай катэгорыі грамадзян, які сьведчыць іх асобу. Ён будзе сапраўдны цягам, напрыклад, дзесяці гадоў.

Аднак, на жаль, пакуль мы ня ведаем дакладнай колькасьці людзей, якіх гэта тычыцца. Мы сёньня казалі, што адна справа, калі пашпарты адмаўляюцца атрымліваць нейкіх пяць чалавек. І зусім іншая, калі лік ідзе на тысячы. Так што будзем чакаць дадатковай інфармацыі зь Міністэрства ўнутраных спраў».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG