Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лобі чыноўнікаў і вытворцаў вельмі моцнае», — Алена Анісім пра сытуацыю вакол беларускай мовы на этыкетках


Алена Анісім

Міністэрскія чыноўнікі, прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў, вытворцы, дэпутаты абмяркоўвалі на круглым стале ў Палаце прадстаўнікоў, ці трэба замацоўваць у заканадаўстве, каб на этыкетках і ўпакоўцы тавараў абавязкова падавалася інфармацыя па-беларуску.

Цяпер вытворцы могуць рабіць гэта, як палічаць патрэбным — альбо па-расейску, альбо па-беларуску.

«Самае большае, чаго мы дасягнулі — што мы не пасварыліся, не разышліся ворагамі. Гэта вялікае дасягненьне», — так коратка падсумавала Свабодзе вынікі круглага стала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Яна сказала, што ў Палату прадстаўнікоў паступіла каля 250 зваротаў грамадзянаў з патрабаваньнем абавязкова разьмяшчаць інфармацыю пра тавары на беларускай мове.

«Але, як мне падалося, і дэпутаты, і чыноўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, і вытворцы не зусім схільныя гэтыя звароты прымаць пад увагу. Бо, маўляў, „яны ўсе аднатыпныя, спампавалі з аднаго месца і даслалі. Некаторыя звароты эмацыйныя: „абараніце мае правы“ — і ўсё, неканкрэтныя“. Так казалі пра звароты прысутныя на круглым стале», — кажа Алена Анісім.

Начальнік упраўленьня абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэклямай Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Ірына Барышнікава сказала, што пытаньне пра абавязковае разьмяшчэньне інфармацыі пра тавары па-беларуску разглядалася на паседжаньні грамадзка-кансультацыйнай рады. І менавіта рада прыняла рашэньне ня ўносіць зьменаў у Закон аб правах спажыўцоў.

Моладзь хоча чуць беларускую мову, глядзіце, каб вы не адсталі ад тых працэсаў, якія зараз ідуць

«Я, канечне, даносіла ўсім прысутным, што людзі выказваліся за беларускую мову на этыкетках і ўпакоўцы падчас радыёэфіру, і бізнэс цяпер выказваецца за беларускую мову і рухаецца ў гэтым кірунку, многія рэклямуюць і прасоўваюць сваю прадукцыю па-беларуску. Кажу: „Вы ж не адставайце ад тых трэндаў, што зараз ідуць — моладзь хоча чуць беларускую мову, глядзіце, каб вы не адсталі ад тых працэсаў, якія зараз ідуць. Дый замежныя вытворцы прымушаюць нас гэта рабіць, яны пішуць па-беларуску на прадукцыі, якая ідзе да нас. А мы самі ніяк сябе не пазыцыянуем“», — сказала Алена Анісім.

На круглым стале ніякіх канкрэтных рашэньняў не прымалася, гэта быў вольны абмен думкамі. Але, паводле Алены Анісім, лобі чыноўнікаў і вытворцаў вельмі моцнае:

«Гэта была масіраваная атака, што „ніякіх зьменаў уносіць ня трэба“, і наагул, маўляў, „да моўнага пытаньня трэба ставіцца асьцярожна“. Вось гэтае „або“ (або расейская мова, або беларуская) у цяперашняй рэдакцыі Закону аб правах спажыўцоў дазваляе выбіраць адну мову. І выбіраюць у асноўным адну — расейскую.

Ясна, што лобі вытворцаў і чыноўнікаў вельмі моцнае, яны баяцца нечага. Самае большае, чаго мы дасягнулі — што мы не пасварыліся, не разышліся ворагамі. Гэта ўжо вялікае дасягненьне!

Іншая справа — кожны баіцца ўзяць на сябе адказнасьць. Яны баяцца, што калі ўнясём у Закон аб абароне правоў спажыўцоў адназначнае рашэньне пра абавязковасьць дзьвюх моваў, то тады ўсё — ня толькі этыкеткі, але і шыльды давядзецца рабіць на дзьвюх мовах. Іх гэта напружвае, што давядзецца несьці адказнасьць. Таму яны і ўпіраюцца.

Але мы абмяняліся думкамі, я думаю, працэс пойдзе, і прыйдзем да таго, да чаго трэба», — выказала спадзяваньне дэпутатка Алена Анісім.

Чыноўніца зь Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Ірына Барышнікава паведаміла, што законапраект цяпер на разглядзе ў Савеце міністраў і хутка павінен паступіць у Палату прадстаўнікоў.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG