Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры ўрокі для Беларусі з канфліктаў у Сырыі і Данбасе


Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Вайна ў Сырыі з унутранай грамадзянскай перарастае ў канфлікт паміж некалькімі краінамі, у тым ліку з удзелам саюзьніцы Беларусі Расеі і сябра НАТО Турцыі. Не ўдаецца канчаткова пагасіць агонь ваеннага канфлікту і на ўкраінскім Данбасе, дзе сэпаратысты, карыстаючыся падтрымкай з усходу, застаюцца сур’ёзнай пагрозай усяму недалёкаму ад Беларусі рэгіёну. Якія ваенныя ўрокі павінны вынесьці ў Беларусі з гэтых канфліктаў? Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін зрабіў агляд зброі, якой валодае беларускае войска, і кажа, што трэба тэрмінова пераўзбройвацца.

Першым урокам экспэрт называе той, які тычыцца цяперашняга звычайнага ўзбраеньня беларускага войска.

«Мяркую, што слабое месца ў нас — танкавая і асабліва бранятанкавая тэхніка. Улічваючы ролю, якую цяпер набывае лёгкая тэхніка, як бронетранспартэры і баявыя машыны пяхоты, дык у нас новых сучасных узораў тут няма.

А войны на Данбасе і ў Сырыі якраз патрабуюць такой тэхнікі, бо цэльных франтоў там няма, баявыя дзеяньні мабільныя і ў асноўным дзейнічаюць манэўраныя дывэрсійна-выведкавыя групы — батальённыя, ротныя, але мабільныя групы. А мабільнасьць можа забясьпечыць толькі колавая тэхніка. Той жа ІДзІЛ ужывае джыпы, якія ўзброеныя буйнакалібэрнымі кулямётамі.

Што да нас, то, на жаль, мы ня маем такіх рамонтных магутнасьцяў, каб хутка мадэрнізаваць свае БТРы і БМП. Акрамя таго, патрэбныя адмысловыя праекты, бо проста рамантаваць гэтую тэхніку бессэнсоўна. У цяперашніх нашых БТР і БМП ёсьць сур’ёзны праціўнік — гэта крупнакалібэрныя кулямёты і авіяцыйныя гарматы, пад якія патрэбныя новыя тыпы брані. Яны цяпер зьяўляюцца на Захадзе: шматслойныя, керамічныя ды іншыя, якія значна падвышаюць ступень абароны. Але — ня ў нас.

Дарэчы, колькі часу таму на Менскім заводзе колавых цягачоў быў праект „Умка“ па вырабе новага сямейства колавых браніраваных машын, у тым ліку машын агнявой падтрымкі кшталту колавага танка. Наяўнасьць такой тэхнікі ў нашых сілах спэцыяльных апэрацыяў дазволіла б вельмі хутка перамяшчацца па краіне і ва ўмовах дывэрсійнай, напалову партызанскай вайны, якая напачатку была ва Ўкраіне, дзейнічаць вельмі ўдала.

Але, на жаль, той праект ня быў рэалізаваны.

Беларускае войска засталося бяз новай брані для лёгкай вайсковай тэхнікі і ў выпадку канфлікту будзе значна саступаць праціўніку».

Другое слабое месца — баявая авіяцыя. Як паказаў экспэрту досьвед вайны ў Сырыі, дзе Расея ўжывае бамбавозы «СУ-24», нягледзячы на страту аднаго такога самалёта ад турэцкай ракеты «паветра-паветра», сам самалёт застаецца добрай зброяй і ў выпадку ваеннага канфлікту мог бы нядрэнна дапамагчы ў барацьбе з захопнікамі. Але ўжо не Беларусі, якая некалькі гадоў таму зьняла з узбраеньня і прадала 35 апошніх сваіх «СУ-24». Аляксандар Алесін мяркуе, што ад «СУ-24» адмовіліся з прычыны вялікіх затратаў на рамонт і абслугоўваньне гэтых бамбавозаў. А чым быў бы карысны менавіта гэты самалёт у сучаснай манэўранай вайне, калі б яна дайшла да Беларусі?

СУ-25
СУ-25

«Мяркую, нейкую частку самалётаў „СУ-24“ можна было пакінуць, бо гэта магутная зброя, так бы мовіць, стрымліваючага характару. Гэта ўдарная авіяцыя, яна прызначаная для моцных удараў па зямлі, вельмі карысная тым, што на яе можна было падвешваць розныя ракеты, у тым ліку кіраваныя. Самыя розныя: і супрацьрадыёлякацыйныя, і супрацькарабельныя.

„СУ-25“, якія мы яшчэ маем, ня могуць паўнавартасна замяніць „СУ-24“. Гэта была зброя стрымліваючага ўзьдзеяньня на ўсіх нашых ці то патэнцыйных ворагаў, ці то партнэраў. Але мы іх зьнялі з узбраеньня — было дорага абслугоўваць, а мадэрнізаваць не хапала сродкаў.

І што маем цяпер? Фактычна ўдарных самалётаў для падтрымкі войскаў падчас наземных апэрацыяў мы амаль пазбавіліся.

Магчыма, нешта істотна зьменіцца пасьля мадэрнізацыі 20 самалётаў, пра якія заявіў Аляксандар Лукашэнка. Гэта могуць быць альбо „МІГ-29“, альбо „СУ-27“.

Але пакуль асноўны самалёт для падтрымкі наземных войскаў — штурмавік „СУ-25“ — „Грач“. Але іхні рэсурс заканчваецца, шмат якія машыны ваявалі яшчэ ў Аўганістане і нават маюць пападаньні. На заводзе ў Баранавічах праводзіцца мадэрнізацыя гэтых самалётаў, але ім патрэбна ня проста мадэрнізацыя, а кардынальная замена шмат чаго: новая электроніка патрэбная, новы радар. Мы пакуль у гэтым істотна адстаём ад патрэбаў часу».

Досьвед канфліктаў на Данбасе і ў Сырыі, паводле Аляксандра Алесіна, карысны ня толькі для беларускіх вайскоўцаў, але і для палітычнага кіраўніцтва краіны, перад якім стаіць задача не даводзіць сытуацыю ўнутры краіны да таго, каб Беларусь стала лёгкай здабычай зьнешняга агрэсара. Гэта, паводле Аляксандра Алесіна, — трэці ўрок гэтых войнаў.

«Гэта самы важны ўрок — што перамога, як кажуць, гартуецца дома.

Нельга даводзіць становішча ў краіне да такой ступені вастрыні, калі пачынаецца ўнутраная вайна.

Абвастрэньне супярэчнасьцяў паміж сацыяльнымі, этнічнымі, рэлігійнымі групамі трэба вырашаць палітычнымі сродкамі, палітычнымі манэўрамі да таго, як імі пачнуць карыстацца нейкія староньнія сілы, дзяржавы. Такое ўмяшаньне, наадварот, прыводзіць да эскаляцыі канфліктаў, што мы цяпер бачым у Сырыі. Альбо як на Данбасе. Гэта — раз.

А другое, — трэба мець адпаведныя сілы і сродкі, каб такія рэчы, якія ўзьніклі на тым жа Данбасе з захопам адміністрацыйных будынкаў, ліквідаваць яшчэ ў зачаткавым стане. А гэта ня толькі, прыкладам, службы бясьпекі, але і сілы хуткага рэагаваньня, адпаведным чынам узброеныя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG