Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску да 2019 году адкрыюць яшчэ 5 гатэляў і створаць «картку госьця»


Будоўля гатэлю ля парку Горкага ў Менску, вядомага ў народзе як «Некемпінскі». Ілюстрацыйнае фота

Гатэляў у Менску зашмат і яны дарагія — гэта раней прызнавалася афіцыйна.

Да Эўрапейскіх гульняў 2019 году ў Менску ў дадатак да ўжо дзейных 50 гатэляў, 7 хостэлаў і 12 «аналягічных аб’ектаў» адкрыюць яшчэ пяць гатэляў, перадае «Минск-Новости» заяву прадстаўніка Менгарвыканкаму Юрыя Натычкі.

Разам у пяці новых гатэлях будзе 764 нумары на 1340 месцаў (у дадатак да цяперашніх 6200 нумароў на 11 400 месцаў). Тры новыя гатэлі, абяцае чыноўнік, прымуць першых гасьцей ужо сёлета або на пачатку наступнага году. Гэтыя гатэлі зьявяцца між вуліцамі Леніна і Кастрычніцкай, на Зыбіцкай (пад брэндам Accor), на скрыжаваньні Пераможцаў і МКАД. Яшчэ два, што дабудуюць пазьней, будуць за кінатэатрам «Перамога» і на скрыжаваньні Пераможцаў і вуліцы Весьнінкі.

Гатэляў зашмат і яны дарагія — гэта афіцыйна

Пры гэтым гатэляў хапала яшчэ падчас хакейнага чэмпіянату сьвету 2014 году — тады, паводле афіцыйных зьвестак, загружанасьць іх склала ў Менку 82%, у звычайны ж час складала 40%.

Каб на гатэлі (і без таго дарагія па эўрапейскіх мерках — гэта прызнавала Мінспорту) не «накручвалі» цэны, міністэрства зьбіраецца дамовіцца з дырэкцыяй Эўрапейскіх гульняў, каб на час мерапрыемства яны былі зафіксаваныя — якія былі на 1 студзеня 2019 году плюс максымум 10%.

Цяпер чыноўнікі сьцьвярджаюць, што цэны зьніжаюцца на 7-10% штогод, да 2019 году чакаецца, што сярэдняя цана аднамеснага нумару са сьняданкам складзе 38 даляраў за ноч.

Абноўлена. На Эўрапейскія гульні ў Менск чакаюць 30 тысяч замежных турыстаў. А на Чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі, паводле афіцыйных заяваў, 80 тысяч замежных турыстаў.

Таямнічая картка госьця і крыху больш «бязьвізу»

Таксама да Эўрапейскіх гульняў у Менгарвыканкаме задумалі ўвесьці «картку госьця гораду Менску», зь якой «турысты змогуць карыстацца зьніжкамі і дадатковымі паслугамі, наведваць музэі і іншыя знакавыя месцы беларускай сталіцы».

Падрабязнасьці аб праекце яшчэ не расказваюць — невядома, колькі будзе каштаваць менская картка і ці будзе прапаноўваць нешта бясплатна.

Але падобная картка ёсьць, напрыклад, у Таліне — сталіцы Эстоніі. «Картка госьця Таліна» каштуе 25 эўра на дзень або 45 эўра на тры дні, дае бясплатны праезд у гарадзкім транспарце, бясплатныя экскурсіі і бясплатны ўваход у чатыры дзясяткі музэяў, бясплатны пракат ровараў, зьніжкі ў крамах і рэстарацыях.

«Мы будзем выступаць за тое, каб да Эўрагульняў пяцідзённы тэрмін бязьвізавага знаходжаньня быў падоўжаны да 10 дзён, — заявіў прадстаўнік Менгарвыканкаму Сяргей Фурманаў. — Эфэктыўнасьць такога кроку відавочная. Разам з тым, якое б рашэньне не было прынятае, інтарэсы замежных гасьцей Гульняў будуць улічаныя. Акрамя таго, для працы на Гульнях плянуем прыцягнуць каля шасьці тысячаў валянтэраў. Яны мусяць быць як мінімум камунікабэльнымі і ведаць замежныя мовы. Пакуль недахопу ў ахвотніках мы не адчуваем».

Гаворка пра падаўжэньне тэрміну «бязьвізу» вядзецца хіба не ад пачатку яго дзеяньня. Цяпер гучаць розныя прапановы — да 30 бязьвізавых дзён. Праўда, пакуль бязьвізавым рэжымам скарысталіся далёка ня ўсе, хто мог бы: яшчэ з 12 краінаў зь ліку 80, для якіх яго ўвялі, не было ніводнага госьця.

Бязь візы ў Менск цяпер можна трапіць толькі самалётам — такі рэжым распаўсюджваецца толькі на тых, хто прылятае ў Нацыянальны аэрапорт «Менск». Асобны рэжым дзейнічае для «гарадзенскай бязьвізавай зоны» (туды можна прыехаць на машыне ці ровары), але зь яе ў Менск бязь візы нельга. Адпаведна, пакуль у Менск нельга прыехаць на машыне ці цягніку.

Рыхтуйцеся: Лукашэнка насьцярожыўся, што беларусы «не жывуць» Эўрапейскімі гульнямі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG