Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь можа павялічыць бязьвізавы рэжым да 30 дзён


Нацыянальны аэрапорт «Менск»

Беларускія ўлады маюць намер павялічыць тэрмін знаходжаньня ў Беларусі бязь віз для грамадзянаў 80 краінаў з 5 да 10 ці нават 30 дзён. Пра гэта ў гутарцы з карэспандэнтам Financial Times паведаміў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, перадае афіцыйны сайт міністэрства.

«Але ісьці да гэтага мы будзем паступова, крок за крокам, — сказаў кіраўнік МЗС. — Да канца бягучага года мы прааналізуем сытуацыю ў гэтай сфэры і занясем канкрэтныя прапановы кіраўніку дзяржавы, якія тычацца пашырэньня бязьвізавага рэжыму».

Пяцідзённы бязьвізавы рэжым уезду ў Беларусь дзейнічае сёлета ад 12 лютага для грамадзян 80 краін, уключаючы ЗША і дзяржавы Эўразьвязу.

Пакуль у Беларусь бязь візы можна трапіць або самалётам праз нацыянальны аэрапорт «Менск», або ў горадзенскую «бязьвізавую зону» праз аўтамабільныя пункты пропуску «Брузгі» і «Прывалкі» (прапускаюць таксама пешаходаў і раварыстаў), а таксама сэзонныя пункты пропуску на бязьвізавую зону «Парк Аўгустоўскі канал».

Магчымасьці прыехаць у Беларусь бязь візы цягніком (або любым транспартам з боку Латвіі) на сёньня няма. Таксама іншаземцу нельга прыехаць у Беларусь бязь візы з тэрыторыі Расеі, нават калі ён грамадзянін краіны, якой у Беларусь дазволены «бязьвізавы прылёт».

«Бязьвізам» скарысталіся 56 тысяч турыстаў

Па бязьвізавым рэжыме з моманту яго ўвядзеньня Менск наведалі 56 тысяч турыстаў з 68 краінаў. Найбольш «бязьвізавых» турыстаў прыехалі зь Нямеччыны, Польшчы, Італіі, ЗША і Вялікай Брытаніі.

Як сьцьвярджаюць у інфармацыйна-турыстычным цэнтры «Менск», па стане на кастрычнік пасажырапаток у нацыянальным аэрапорце вырас на 30% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году, а аб’ём турыстычных паслуг вырас на 34,1%.

300 бязьвізавых турыстаў штодня. Лічбы і факты пра турызм Беларусі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG