Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таваразварот Беларусі і Расеі спыніў падзеньне


Ілюстрацыйнае фота

Амбасадар Беларусі ў Маскве Ігар Петрышэнка заявіў у эфіры расейскага НТВ аб аднаўленьні і росьце эканомікі і Беларусі, і Расеі, спаслаўшыся на аб’ёмы таваразвароту, перадае БЕЛТА.

Паводле Ігара Петрышэнкі, таваразварот «дасягнуў 26 млрд даляраў» — і гэта «асноўны індыкатар» аднаўленьня і росту эканомікі дзьвюх дзяржаваў.

Згодна з афіцыйнай беларускай статыстыкай, таваразварот між Беларусьсю і Расеяй дасягнуў 26,185 млрд даляраў яшчэ за студзень-кастрычнік.

Раней беларускі прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў прагназаваў, што таваразварот з Расеяй мае дасягнуць 28 млрд даляраў па выніках году — і такім чынам вярнуцца да паказьнікаў 2010 году. Пасьля таго таваразварот з Расеяй падвышаўся да 43,86 млрд даляраў у 2012 годзе, але затым безупынна спадаў да 2016 году ўключна.

Пра які час казаў Петрышэнка, не ўдакладняецца, але калі меліся на ўвазе гадавыя вынікі, то выходзіць, што таваразварот застаўся на ўзроўні 2016 году (26,255 млрд). Але калі ідзецца толькі пра 10 месяцаў, то па выніках году таваразварот можа падвысіцца на пятую частку, што ўсё роўна далёка ад піку 2012 году, аднак падзеньня ўжо ня будзе.

Падобна таваразвароту з Расеяй зьмяняўся і сумарны таваразварот Беларусі: ён паступова рос да 2008 году (71,952 млрд даляраў), абваліўся ў 2009-м (49,873 млрд), аднавіў рост і дасягнуў піку ў 2012-м (92,464 млрд) і зноў падаў да 2016 году ўключна (51,148 млрд). За студзень-кастрычнік 2017 году сумарны таваразварот амаль дасягнуў гадавых значэньняў 2016-га (51,037 млрд даляраў).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG