Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нацбанк Вяйшнорыі» выпусьціць талеры


Праект талераў «Вяйшнорыі»

Аўтар праекту «113 гарадоў», рамесьнік Валер Сіманаў рыхтуе да выпуску сувэнірныя талеры «Вяйшнорыі» — дзяржавы, якую выдумалі як ворага для вучэньняў «Захад-2017». Манэты будуць выпускацца ад імя «Нацыянальнага банку Вяйшнорыі».

На пярэднім баку манэты выяўлены Лідзкі замак, на заднім — абвешчаныя Мінабароны Беларусі межы Вяйшнорыі. Таксама скарыстаныя прыдуманыя ў інтэрнэце герб і сьцяг «Вяйшнорыі». Надпісы на манэце зробленыя лацінкай.

Як кажа Валер Свабодзе, нядаўна ён узгадніў кошт штампаў для адбіваньня манэтаў і чакае канчатковага ўхваленьня 3D-эскізу. Самі манэты мяркуецца выпусьціць цягам восені.

«Ідэі сэпаратызму я не падтрымліваю, — падкрэсьлівае Сіманаў. — Быць можа, ідэі нацыяналізму. Я хачу абудзіць у людзях нейкі інтарэс да сваёй краіны, да сваёй гісторыі. Што да Вяйшнорыі, з аднаго боку, гэта вясёленькая ідэя, але з другога — мяркуючы па тым, як сур’ёзна на яе адрэагавалі людзі, нешта ў нас у грамадзтве ня так.

Для мяне гэта ня столькі жарт ці інтэрнэт-мэм. Пад гэтую „Вяйшнорыю“ можна падняць гістарычную тэму. На тых жа манэтах я буду выяўляць замкі князёў: Ліда, Смаргонскі будзе замак...

А што заходнія беларусы ад усходніх будуць аддзяляцца, гэта нейкая дурасьць. Так, у заходніх крыху іншы сьветапогляд, крыху іншыя інтарэсы. Але гэта не нагода дзяліцца. Я падтрымліваю ідэі Беларусі як самастойнай, незалежнай дзяржавы».

Тым часам у Беларусі ўжо зьявіліся сьцягі, значкі «Вяйшнорыі», напульсьнікі і іншыя сувэніры. Таксама сьцягі і значкі вырабляюцца ва Ўкраіне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG