Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выглядае пратакол аб забароне канцэрту ў Беларусі


Пратакол аб забароне канцэрту Алеся Дзянісава

Музычны партал Tuzinfm.by здабыў пратакол аб забароне правядзеньня сольнага канцэрту лідэра гурту Dzieciuki Алеся Дзянісава з праграмай «Кароткая гісторыя Беларусі» на словы Алеся Чобата.

Спачатку заяўніку канцэрту, кіраўніку «Тузіну» Сяргею Будкіну адмовілі ў прадстаўленьні пратаколу, бо «ў дзеючых нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь указаньняў і рэкамэндацый, зьвязаных з прадстаўленьнем інфармацыі аб складзе мастацкага савета па культурна-відовішчных мерапрыемствах, азнаямленьнем арганізатара мерапрыемства з заключэньнем мастацкага савету няма».

Але заключэньне ўдалося знайсьці ў Эканамічным судзе Менску, дзе Будкін аспрэчваў рашэньне ідэолягаў (суд прызнаў забарону законнай).

Паводле дакумэнту, мастацкая рада заслухала чыноўніка Аляксандра Шастакова, які вынес на разгляд тэксты Чобата і рэпэртуар Дзянісава, і аднагалосна пастанавіў адмовіць у выдачы пасьведчаньня на права арганізацыі мерапрыемства «ў сувязі зь нізкім мастацкім узроўнем выкананьня выканаўцы». Іншых падрабязнасьцяў і тлумачэньняў, як і крытэраў «прымальнага» ўзроўню выкананьня, у дакумэнце не прыводзіцца.

Будкін лічыць, што Кодэкс «Аб культуры», паводле якога падставай да адмовы ў канцэрце можа стаць «заключэньне мастацкай рады па культурна-відовішчных мерапрыемствах аб нізкім мастацкім узроўні выкананьня», «фактычна ўзаконьвае цэнзуру і татальны кантроль у гэтай сфэры».

Тым часам гурт Dzieciuki не пусьцілі на Lidbeer. Афіцыйна — праз «накручваньне галасоў», гурт жа мяркуе, што ідзе «не зусім прыгожая гульня невядома каго з кім». Dzieciuki доўгі час не выступалі легальна ў Беларусі, бо не маглі атрымаць гастрольнага пасьведчаньня (у тым ліку выступы забаранялі на падставе пункту заканадаўства, якога няма). Тым ня меней «нелегальныя» выступы час ад часу адбываліся, а ў красавіку 2017 году гурт атрымаў пасьведчаньні на выступы ў Віцебску і Горадні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG