Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд прызнаў законнай забарону канцэрту Алеся Дзянісава з гурту Dzieciuki


Алесь Дзянісаў

Эканамічны суд Менску прызнаў законнымі дзеяньні начальніка галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму Паўла Скалабана, які не дазволіў жывую прэзэнтацыю сольнага альбому Алеся Дзянісава (гурт Dzieciuki, раней «КальЯн» і «Людзі на балоце») «Кароткая гісторыя Беларусі».

Таксама суд адмовіў у просьбе прымусіць ідэолягаў выдаць ліцэнзію на канцэрт Алеся Дзянісава на любую іншую дату.

Заяву ў суд на гарадзкіх ідэолягаў падаў кіраўнік сайту TuzinFM Сяргей Будкін. Ён прасіў прызнаць незаконнымі дзеяньні галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму.

Ідэолягі забаранілі канцэрт Алеся Дзянісава ў межах праекту «Жывы Тузін» нібыта з прычыны «нізкага мастацкага ўзроўню выкананьня».

Судзьдзя Аліна Драбудзька патлумачыла сваё рашэньне тым, што ідэолягі кіраваліся Кодэксам «Аб культуры», у якім прадугледжана адмова ў выдачы гастрольнага пасьведчаньня.

Жывая прэзэнтацыя альбома, прадстаўленага ў інтэрнэце на пачатку лета, мелася адбыцца 16 верасьня. Частку грошай ад канцэрту зьбіраліся перадаць Алесю Чобату — аўтару вершаў да альбома, які страціў зрок і жыве ў Скідзелі адзін.

Ідэолягі папрасілі падаць тэксты песень, пасьля іх аналізу адмовілі ў правядзеньні канцэрту — ня выдалі гастрольнага пасьведчаньня.

Сяргей Будкін паведаміў, што рашэньне Эканамічнага суду Менску ён абскардзіць у апэляцыйнай камісіі. Ён сказаў, што паседжаньне суду прайшло безь ягонай прысутнасьці, бо якраз у гэты час ён быў за мяжой і дазнаўся пра тое, што суд адбыўся, па прыезьдзе. Ён лічыць, што Кодэкс «Аб культуры» «фактычна ўзаконьвае цэнзуру і татальны кантроль у гэтай сфэры».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG