Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла «Кароткая гісторыя Беларусі» ў песьнях ад гарадзенскіх паэта і музыкі


Алесь Дзянісаў

У сеціве зьявіўся сольны альбом гарадзенскага вакаліста гурта Dzieciuki Алеся Дзянісава «Кароткая гісторыя Беларусі», запісаны на вершы гарадзенскага паэта Алеся Чобата з аднайменнага зборніка.

З Алесем Дзянісавым пагутарыў карэспандэнт Свабоды.

— Алесь, гэта ваш першы сольны альбом, чаму выбралі такую тэму?

— Песьні на гістарычную тэму гучалі ў нас і зь Dzieciukami, але мяне вельмі захапілі вершы Алеся Чобата. Я калі прачытаў ягоны зборнік «Кароткая гісторыя Беларусі», зразумеў, што павінен запісаць іх пад акустыку. Ды і сама тэма нашае гісторыі не дае спакойна жыць, паколькі шмат чытаеш пра гэта, цікавісься і бяз гэтага ўжо нельга. Была спроба зрабіць праект з гуртом «Людзі на балоце», але ў многіх пытаньнях мы не знаходзілі агульнае мовы.

— А вершы Чобата лёгка клаліся на музыку?

— Я запісаў толькі 24 песьні, зборнік налічваў звыш ста вершаў. Працаваў над праектам каля двух гадоў, і некаторыя вершы ў мяне папросту не сьпяваліся. Чобат вельмі суб’ектыўны паэт, і з таго, што я прачытаў з сучаснай паэзіі, ягоныя вершы лічу найбольш дасканалымі. Я наагул люблю паэзію. А ў яго яшчэ і вельмі свой погляд на гісторыю, беларускі народ. Чаго толькі вартыя ягоныя вершы «1939», «Адам Міцкевіч», «Станіслаў Булак-Булаховіч» і многія іншыя. Мне хацелася выбраць тое, што падсумоўвала б ягоны зборнік, і я зрабіў гэта, наколькі атрымалася.

Алесь Дзянісаў падчас выступу на курсах «Мова нанова»
Алесь Дзянісаў падчас выступу на курсах «Мова нанова»

— Вы працавалі над альбомам два гады. Як цяпер здаецца — што ў ім дамінуе: музыка ці паэзія?

— Безумоўна, пра гэта павінны яшчэ сказаць музычныя крытыкі і слухачы. А на мой погляд, у гэтым альбоме дамінуе паэзія. Бо менавіта вершы нараджалі музыку. І найперш мне хацелася данесьці словы, іх сэнс, менавіта таму я і прыйшоў да высновы, што павінен рабіць гэты альбом адзін, пад акустыку. Так наймацней і найпрасьцей можна даць магчымасьць загучаць гэтаму слову. Аранжыроўка магла б скрасьці мэлёдыку паэзіі.

— Альбом ужо пэўны час знаходзіцца ў сеціве, ці наладзілася нейкая адваротная сувязь са слухачамі?

— Ёсьць тэлефанаваньні, некаторыя пішуць, што мая праца ім спадабалася. Але па вялікім рахунку вялікай рэакцыі на альбом няма. Напэўна, на гэта ёсьць прычыны. Магчыма, гэта некаму наагул не цікава. Дарэчы, патэлефанаваў сябра з Саюзу палякаў і сказаў, што я прасьпяваў першую песьню, прысьвечаную жаўнеру АК. Яна мае назву «Мацей Калянкевіч». Мне прапанавалі зрабіць асобны кліп на гэтую песьню, я выклаў яго ў інтэрнэт, і палякі потым пісалі, што беларус сьпявае пра героя АК, дзякавалі, выказвалі свае думкі. Так, я сьпяваў пра героя, які змагаўся супраць фашызму і бальшавізму, а не пра Бурага, які паліў вёскі на Беласточчыне. Але гэта асобная размова.

Алесь Дзянісаў за працай над новай песьняй
Алесь Дзянісаў за працай над новай песьняй

— Ці адчуў ты сам задавальненьне ад сваёй працы?

— Я вельмі задаволены, хоць цяпер бачу шмат памылак у альбоме. Але там няма нічога прыцягнутага за вушы, усё рабілася ад сэрца.

— А як паэт Чобат ацаніў тваю працу?

— Ня ведаю, ці ён слухаў альбом у інтэрнэце, але я езьдзіў да яго раней і сьпяваў песьні. Ён мне тады казаў, што яму як паэту галоўнае — пачуць у песьні слова, і ён, маўляў, гэта пачуў.

Алесь Дзянісаў падчас канцэрту ў Беластоку
Алесь Дзянісаў падчас канцэрту ў Беластоку

— Ці спадабалася наагул працаваць індывідуальна над падобным праектам?

— Гэта вельмі цікава, і ў мяне нарадзіліся новыя ідэі. Цяпер я хачу зрабіць акустычны альбом на вершы Уладзімера Караткевіча. Ужо каля дзесяці твораў я запісаў — гэта вельмі захапляльная, цікавая праца, буду далей гэта рабіць. Мне гэта вельмі падабаецца. А на пачатку верасьня адбудуцца мае першыя канцэрты з «Кароткай гісторыяй Беларусі» ў Горадні. Запрашаю.

Прэм’ера альбому:

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG