Прэзыдэнт Азэрбайджанау Ільхам Аліеў паведаміў, што былыя чыноўнікі з Расеі і ФРГ правялі ў Баку таемную сустрэчу і, як мяркуецца, абмеркавалі завяршэньне вайны ва Ўкраіне. Пра гэта палітык распавёў у Бэрліне на прэс-канфэрэнцыі з канцлерам Нямеччыны Фрыдрыхам Мэрцам, пішуць Bloomberg і азэрбайджанскае выданьне Minval.
Паводле Аліева, неафіцыйная сустрэча праходзіла ў Баку 12-14 ліпеня бязь ведама афіцыйных улад Азэрбайджана, Расеі і Нямеччыны. Мэрц пацьвердзіў, што яму нічога не вядома аб гэтых перамовах і што нямецкі ўрад у іх ня ўдзельнічаў.
«Я не магу камэнтаваць дэталі, паколькі мы не прысутнічалі на сустрэчы. Аднак зьвесткі аб рэйсах дазваляюць мне сьцьвярджаць, што сакрэтная сустрэча ў Баку сапраўды адбылася. Калі гэтая сустрэча была закліканая садзейнічаць спыненьню вайны паміж Расеяй і Ўкраінай, мы можам толькі вітаць гэта», — сказаў Ільхам Аліеў.
17 ліпеня нямецкае выданьне Die Zelt паведаміла, што былы кіраўнік адміністрацыі Ангелы Мэркель Рональд Пофала і былы прэм’ер-міністар зямлі Брандэнбург Матыяс Платцэк правялі ў Баку таемную сустрэчу са старшынёй праўленьня «Газпрома» Віктарам Зубковым, дырэктарам Інстытута Эўропы РАН Аляксеем Фадзеевым. Што менавіта абмяркоўвалі ўдзельнікі перамоваў, дакладна невядома.
У сярэдзіне чэрвеня Bloomberg і Reuters са спасылкай на крыніцы пісалі, старшыня Эўрапейскай рады Антонію Кошта «ўстанавіў кароткатэрміновыя кантакты на дыпляматычным узроўні» з расейскім кіраўніцтвам, каб наладзіць дыялёг Брусэля і Масквы па тэме спыненьня вайны ва Ўкраіне.
Да гэтага паведамлялася, што эўрапейскія краіны пачалі абмяркоўваць кандыдатуру спэцпасланьніка для перамоваў з Масквой у рамках мірнага ўрэгуляваньня расейскай вайны ва Ўкраіне.
Чаму гэта важна
Баі на лініі фронту на ўсходзе Ўкраіны працягваюцца, але прасоўваньне расейскіх войскаў мінімальнае. Расея намагаецца захапіць рэшту неакупаванага Данбасу.
Расея акупавала значную частку ўкраінскай тэрыторыі, расейскія войскі рэгулярна атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру ракетамі і дронамі. Украіна вызваляе некаторыя свае населеныя пункты і адказвае дронавымі і ракетнымі атакамі ўглыб Расеі.
Уладзімір Пуцін адхіліў прапановы Вашынгтона і Кіева аб спыненьні ўдараў углыб дзьвюх краін і спыненьні баёў на лініі фронту.
Беларускія ўлады надалі для расейскага войска сваю тэрыторыю для атакі на Ўкраіну ў 2022 годзе, прымаюць вывезеных Расеяй з акупаваных тэрыторый украінскіх дзяцей, далей дапамагаюць Расеі ў вырабе прадукцыі ВПК для вядзеньня вайны, прадаюць Расеі бэнзін пасьля шматлікіх украінскіх атак на расейскія НПЗ.
- Расейскія войскі рэгулярна атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру ракетамі, ударнымі бесьпілётнікамі, кіраванымі авіябомбамі, іншымі відамі ўзбраеньняў.
- Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны мэтанакіраваныя.
- Абстрэл сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня і ўстановаў аховы здароўя з мэтай пазбавіць людзей электрычнасьці, цяпла, забесьпячэньня вадой, сувязі, мэдычнай дапамогі і іншых неабходных для жыцьця ўмоваў — прыкмета генацыдных дзеяньняў.
- Крэмль адмаўляе, што расейская армія падчас паўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.