Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працяг расьсьледаваньня: швэды дапамагалі прадаваць кантрабандную нафту зь Беларусі


У продажы расейскай нафты, вывезенай зь Беларусі пад фальшывай маркіроўкай, узяла ўдзел швэдзкая гандлёвая фірма.

Тры журналісты Швэдзкага радыёДаніель Эман, Даніель Вэляска і Пэр Шапіра — працягваюць дасьледаваць дакумэнты, якія датычаць бязмытнага вывазу расейскай нафты зь Беларусі. З гэтымі дакумэнтамі іх пазнаёміў былы афіцэр беларускага КДБ Андрэй Моўчан.

Швэдзкае радыё апублікавала матэрыял пра нелегальны вываз нафтапрадуктаў зь Беларусі, у якім могуць быць замешаны найвышэйшыя службовыя асобы ў Менску. Матэрыял абапіраецца на дакумэнты, якія паказаў журналістам уцякач зь Беларусі Андрэй Моўчан.

Моўчан сьцьвярджае, што быў афіцэрам КДБ Беларусі ў 2000–2010 гадах. Схема нелегальнага вывазу нафты была такая: у Беларусі расейская нафта атрымлівала беларускую маркіроўку і ішла ў Эстонію. У Эстоніі нафце вярталі ранейшую маркіроўку і прадавалі яе як расейскі прадукт у Заходняй Эўропе, у Антвэрпэне. З дакумэнтаў сьледзтва, праведзенага беларускімі мытнікамі і Андрэем Моўчанам, калі ён працаваў у КДБ у Віцебску, вынікае, што схему бязмытнага вывазу расейскай нафты зь Беларусі мог прыкрываць віцэ-прэмʼер Беларусі Ўладзімер Сямашка.

Швэдзкія журналісты высьветлілі, што пасярэднікам у продажы кантрабандысцкай нафты зь Беларусі была швэдзкая гандлёвая кампанія Gunvor International, якой кіруе ганаровы консул Швэцыі ў Жэнэве Турбʼёрн Тэрнквіст.

Gunvor International — адна з найбуйнейшых у сьвеце кампаніяў, што гандлююць сырой нафтай і нафтапрадуктамі. Яна была заснаваная ў 2000 годзе. СМІ зьвязвалі хуткі рост кампаніі зь незаконным бізнэсам. Але Турбʼёрн Тэрнквіст адмаўляў усе напады журналістаў.

«Мы працуем ва ўмовах поўнай празрыстасьці ў канкурэнцыі зь іншымі кампаніямі ў Расеі», — цытуе Тэрнквіста Швэдзкае радыё.

Журналісты адзначаюць, што з дакумэнтаў ясна не вынікае, ці ведалі ў кампаніі Gunvor International, што нафта была вывезеная зь Беларусі нелегальна. На думку ж Андрэя Моўчана, якога яны цытуюць, швэдзкая кампанія не магла пра гэта ня ведаць.

«Інакш навошта вам быў бы патрэбен пасярэднік?» — рытарычна пытаецца былы кадэбіст.

Моўчан паказаў швэдзкім журналістам перапіску паміж урадамі Беларусі і Эстоніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG