Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкае радыё: Былы афіцэр КДБ выяўляе кантрабанду нафтапрадуктаў празь Беларусь


Ілюстрацыйнае фота

Журналісты Швэдзкага радыё апублікавалі матэрыял пра нелегальны вываз нафтапрадуктаў зь Беларусі, у які могуць быць замешаныя вышэйшыя службовыя асобы ў Менску.

Матэрыял абапіраецца на дакумэнты, якія паказаў журналістам Андрэй Моўчан, былы афіцэр беларускага КДБ, які ў 2012 годзе зьехаў у Швэцыю.

«Гэта проста карупцыя на самым высокім узроўні дзяржавы, якая шкодзіць эканоміцы краіны. Гаворка ідзе пра высокіх службовых асобаў ва ўрадзе, якія прыкрываюць тых, хто ўдзельнічае [у нелегальным вывазе нафтапрадуктаў]» — лічыць Андрэй Моўчан, які расьсьледаваў гэтую справу на пасадзе афіцэра КДБ, дзе ён працаваў у 2000-2010 гг.

Схема бязмытнага вывазу расейскіх нафтапрадуктаў зь Беларусі, якую выявілі швэдзкія журналісты паводле дакумэнтаў, паказаных ім Моўчанам, у агульных абрысах такая:

Беларусь закупляе бэнзін і нафту ў Расеі па льготнай цане і экспартуе іх у Эўропу. Каб пазьбегчы выплаты падатку ў Расею за экспарт расейскіх нафтапрадуктаў, яны ў Беларусі перамаркіроўваюцца і высылаюцца ў Эўропу пад фальшывым апісаньнем як беларускія прадукты.

Дакумэнты, якія раскрываюць гэтую кантрабандысцкую схему, паходзяць з расьсьледаваньня, праведзенага беларускай мытняй у 2007 годзе, калі Беларусь і Расея дамовіліся аб мытных пошлінах на экспарт нафтапрадуктаў з расейскай нафты. Лябараторыі ў Беларусі і Расеі пацьвердзілі беларускім мытнікам, што расейскія нафтапрадукты пакідалі Беларусь пад фальшывай маркіроўкай.

Расея неаднаразова абвінавачвала Беларусь у кантрабандзе прадуктаў, вырабленых з расейскай нафтай. У 2012 годзе Расея заявіла, што Беларусь не выплаціла ёй больш за 1 мільярд даляраў у зборах за экспарт нафтапрадуктаў, вываз якіх ня быў прадугледжаны двухбаковым падатковым пагадненьнем.

Дакумэнты, паказаныя Андрэем Моўчанам швэдзкім журналістам, наводзяць на думку, што гэтую кантрабандысцкую схему мог прыкрываць віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка, які праігнараваў матэрыялы сьледзтва беларускай мытні.

Зь перапіскі беларускай мытні зь Сямашкам вынікае, што віцэ-прэм’ер палічыў маркіроўку нафтапрадуктаў правільнай і яшчэ паўшчуваў мытнікаў за тое, што яны паслалі ўзоры нафтапрадуктаў на тэставаньне ў расейскую лябараторыю (паводле Сямашкі, хапіла б паслаць іх у беларускую вайсковую лябараторыю). Швэдзкія журналісты сьцьвярджаюць, аднак, што і заключэньне зь беларускай вайсковай лябараторыі, якое паказаў ім Моўчан, пацьвярджае расейскую выснову — беларускія мытнікі перахапілі на сваёй мяжы партыю расейскіх нафтапрадуктаў пад фальшывай беларускай маркіроўкай.

Журналісты Швэдзкага радыё адзначаюць, што яны папрасілі віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашку і прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку пракамэнтаваць выкрыцьці Андрэя Моўчана, але не атрымалі адказу.

XS
SM
MD
LG