Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алеся Сіліча аштрафавалі на 450 даляраў і сканфіскавалі камэру, мікрафон, сыстэмны блёк і два ноўтбукі


Алесь Сіліч, архіўнае фота

8 лютага ў судзе Першамайскага раёну Менску адбыўся чарговы суд над супрацоўнікам тэлеканалу «Белсат». Разглядалася справа Алеся Сіліча.

Журналісту пагражала канфіскацыя тэхнікі і штраф да 50 базавых велічынь за выкарыстаньне лягатыпу «Белсат». Як паведамілі ў тэлекампаніі, раней былі разгледжаныя два эпізоды гэтай справы, у выніку суд пастанавіў сканфіскаваць тэхніку сумай каля 20 тысяч эўра.

Судзьдзя Анастасія Папко вынесла рашэньне аштрафаваць Алеся Сіліча на 35 базавых велічыняў (875,5 рублёў), а таксама сканфіскаваць камэру, мікрафон, сыстэмны блёк і два ноўтбукі.

Летась у сакавіку ў двух памяшканьнях «Белсату» адбыліся ператрусы. Сярод іншага была арыштаваная апаратура Аляксандра Баразенкі, які на той момант знаходзіўся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў пасьля стрыму на Дзень Волі. Фармальнай прычынай візыту сілавікоў стала нібыта незаконнае выкарыстаньне «Белсатам» таварнага знака.

Вярхоўны суд Беларусі забараніў назву тэлеканалу «Белсат» у 2014 годзе — Telewizja Polska прайграла суд уладальніку беларускай фірмы «БЕЛСАТплюс» Андрэю Белякову, які зарэгістраваў адпаведны гандлёвы знак у 2001 годзе, хоць спачатку калегія Вярхоўнага суду адхіляла заяву Белякова.

Белякоў задаволены ператрусамі ў офісах «Белсату»

Кампанію Telewizja Polska S.A. абавязалі спыніць выкарыстаньне гандлёвага знака «Белсат» пры трансьляцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і адмовіцца ад яго выкарыстаньня на інтэрнэт-сайце тэлеканалу, які таксама даступны на тэрыторыі Беларусі.

За мінулы год журналістам «Белсату» прысудзілі штрафаў у эквіваленце на 25 тысяч даляраў. За першы месяц 2018-га ўжо адбылося сем судоў у справах «за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ».

«Падатак на Белсат»: за супрацу з тэлеканалам журналістаў за год наштрафавалі на 50 тысяч рублёў

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG