Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да гадавіны кастрычніцкага перавароту БТ пяройдзе ў HD-фармат


Беларускія дзяржаўныя тэлеканалы пачнуць вяшчаньне ў HD-фармаце да 7 лістапада бягучага году, піша БЕЛТА. Пакуль у HD зь дзяржаўных тэлеканалаў ідзе толькі менскі канал СТВ — ён перайшоў на HD 2 кастрычніка 2017 году.

Як заявіў міністар інфармацыі Аляксандар Карлюкевіч, тэрмін пераходу на HD зацьверджаны Аляксандрам Лукашэнкам. Пераход на HD «вымагае значных фінансавых сродкаў» праз патрэбу мадэрнізацыі тэхнічнай базы тэлеканалаў. Мадэрнізацыя пройдзе «ў час падрыхтоўкі і правядзеньня ІІ Эўразійскіх гульняў 2019 году».

Пад фарматам HD (або 720p) маецца на ўвазе такая карцінка, што ўтвараецца полем 1366 на 768 каляровых кропак (піксэляў). Такую карцінку могуць паказваць экраны і зь меншай, і з большай колькасьцю піксэляў (разрозьненьнем экрану). Але тэлевізары з экранамі, горшымі разрозьненьнем за HD, цяпер практычна не прадаюцца. У папулярным беларускім інтэрнэт-каталёгу HD-тэлевізары складаюць толькі чвэрць ад прапанаваных мадэляў — астатнія маюць большае разрозьненьне: найчасьцей FullHD (або 1080p) і 4K UHD (або 2160p). Таксама ўжо амаль не прадаюцца ноўтбукі, маніторы, смартфоны і пляншэты з экранамі, «слабейшымі» за HD.

У суседніх краінах даўно існуюць дзяржаўныя HD-тэлеканалы, некаторыя нават працуюць у фармаце FullHD (напрыклад, расейскі Russia Today вяшчае ў FullHD ужо пяць гадоў). Беларускія дзяржаўныя тэлеканалы ў асноўным паказваюць карцінку ў фармаце 480p (і таксама ў прапорцыі бакоў 4:3, а не ў папулярным цяпер 16:9).

Незалежны беларускамоўны тэлеканал «Белсат», які не пускаюць у беларускія кабэльныя сеткі, можна паглядзець у HD у інтэрнэце або праз спадарожнік. Свабода публікуе відэа на Youtube у фармаце FullHD.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG