Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За сьмерць роўпджампэра арганізатара скачкоў асудзілі на 3 гады калёніі


Скрыншот відэа сьледчага экспэрымэнту па справе аб сьмерці роўпджампэра ў Соснах
Скрыншот відэа сьледчага экспэрымэнту па справе аб сьмерці роўпджампэра ў Соснах

Суд Заводзкага раёну Менску 23 студзеня абвясьціў прысуд у справе аб сьмерці роўпджампэра ў Соснах. Арганізатара скачкоў Аляксея Нікітчанку асудзілі на тры гады калёніі і выплату кампэнсацыі 60 тысяч рублёў бацьку загінулага і 30 тысяч — сястры загінулага, перадае Tut.by.

У час працэсу Аляксей Нікітчанка быў на волі, але пасьля выраку яго ўзялі пад варту ў залі суду (прысуд яшчэ можа быць абскарджаны і не набыў законнай сілы). Яго прызналі вінаватым у прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці (ч.1 арт. 144) і далі максымальнае магчымае пакараньне.

Адвакат Нікітчанкі прасіў апраўдаць падсуднага, які лічыць здарэньне няшчасным выпадкам. Але бацька загінулага палічыў такую просьбу «цынізмам». Раней бацька загінулага прасіў перакваліфікаваць справу на «аказаньне паслуг, якія не адпавядаюць патрабаваньням бясьпекі і пацягнулі сьмерць па неасьцярожнасьці» (прадугледжвае пакараньне да 7 гадоў калёніі).

27-гадовы мужчына з Салігорску загінуў у чэрвені 2017 году, калі саскочыў з тросам з 70-мэтровага коміна кацельні ў Соснах — трос ня вытрымаў. Паводле Tut.by, гэта адбылося на вачах ягонай нявесты, якой ён прапанаваў пабрацца шлюбам за некалькі гадзінаў да здарэньня. Як выявілі сьледчыя, арганізатар скачкоў «не ажыцьцяўляў пастаяннага кантролю за бясьпечнай эксплюатацыяй» абсталяваньня для скачкоў і «не выкарыстоўваў дадатковых мэтадаў і сродкаў для прадухіленьня нэгатыўных наступстваў».

Расьсьледаваньне справы называлі «беспрэцэдэнтным паводле роду дзейнасьці». Такая дзейнасьць — роўпджампінг — не рэгулюецца ў Беларусі (фактычна не дазволеная і не забароненая). Сьледчыя зьвярнуліся ў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, каб дзейнасьць роўпджампэраў і арганізатараў скачкоў належна рэглямэнтавалі і кантралявалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG