Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе аб гібелі роўп-джампэра з Салігорску выставілі абвінавачаньне арганізатару скачкоў


Сьледчы камітэт паведаміў аб завяршэньні расьсьледаваньня сьмерці 27-гадовага мужчыны з Салігорску, які летам няўдала скочыў зь вяроўкай з коміна прамысловай зоны ў менскіх Соснах.

Як выявілі сьледчыя, арганізатар скачкоў «не зьдзяйсьняў пастаяннага кантролю за бясьпечнай эксплюатацыяй» абсталяваньня для скачкоў і «не выкарыстоўваў дадатковых мэтадаў і сродкаў для прадухіленьня нэгатыўных наступстваў»; у выніку гэтага і загінуў ягоны кліент.

Высновы зробленыя ў тым ліку на падставе запісаў з камэры GoPro, квадракоптэра і мабільнага тэлефона, а таксама з аналізу тросу і страховачнай сыстэмы ды на падставе сьледчага экспэрымэнту.

Абвінавачаньне выставілі за «прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці» (ч.1 арт 144 КК РБ). Арганізатара скачкоў могуць пакараць папраўчымі працамі на тэрмін да двух гадоў, абмежаваньнем ці пазбаўленьнем волі на тэрмін да трох гадоў. Мужчына не прызнае віны. Сьледчыя кажуць, што ён утойваў спосабы фіксацыі страховачных канструкцыяў і выстаўляў розныя вэрсіі здарэньня, каб пазьбегнуць адказнасьці. Цяпер справа накіраваная ў суд.

Расьсьледаваньне называюць «беспрэцэдэнтным паводле роду дзейнасьці».

Такая дзейнасьць — роўп-джампінг — не рэгулюецца ў Беларусі (фактычна не дазволеная і не забароненая). Сьледчыя зьвярнуліся ў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, каб дзейнасьць роўп-джампэраў і арганізатараў скачкоў належна рэглямэнтавалі і кантралявалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG