Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стратныя прадпрыемствы Беларусі сталі яшчэ больш стратнымі


Ілюстрацыйнае фота

Стратных арганізацыяў стала меней, але страты сталі адчувальна большымі. Тым часам найперш ад прамысловасьці чакаюць заробкаў «па пяцьсот» да канца году.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасьць стратных прамысловых прадпрыемстваў у Беларусі ў студзені–верасьні 2017 году зьнізілася з 402 да 365, але пры гэтым сумарныя чыстыя страты вырасьлі на 24,2% да 847,4 млн рублёў. Страты на адну стратную арганізацыю вырасьлі на 36,8%, заўважае БелаПАН.

Чысты прыбытак усіх прамысловых арганізацыяў вырас у 1,6 раза да 2,9 млрд рублёў, прыбытак ад рэалізацыі вырас на траціну да 7 млрд. Сабекошт тавараў і паслугаў вырас на 11,2%. Рэнтабэльнасьць склала 9,6% за студзень–верасень 2017 году супраць 8,1% за такі пэрыяд 2016-га.

У пытаньні давядзеньня заробкаў да абяцаных Аляксандрам Лукашэнкам «па пяцьсот» даляраў менавіта на прамысловасьць спадзяецца віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка. Да канца году, верыць ён, прамысловасьці ўдасца выйсьці на сярэдні налічаны заробак у 1000 рублёў, хоць на кастрычнік заробак у прамысловасьці складаў 929,1 рубля.

Заробкі будуць «дакручваць» да «па пяцьсот» не праз аптымізацыю, а праз «налічэньне і зьмяшчэньне работнікам прэміяў і іншых выплатаў» — так прапануюць рабіць прынамсі ўлады Цэнтральнага раёну Менску ад прадпрыемстваў на сваёй тэрыторыі.

Эканаміст Яраслаў Раманчук у камэнтары БелаПАН кажа, што стратных прадпрыемстваў насамрэч больш, чым у афіцыйнай статыстыцы: маўляў, шмат прадпрыемстваў працуюць з рэнтабэльнасьцю, меншай за 5%. Ён прапануе прыватызаваць стратныя прадпрыемствы ў спадзеве на «рэанімацыю сіламі інвэстараў і стварэньне на іх базе новай вытворчасьці. Улады ж не мяняюць прызначэньне стратных прадпрыемтсваў, кажа ён: «хочуць падагнаць дохлага каня або ажывіць даўно ссохлае дрэва».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG