Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чакаем адказаў», — што зьмянілася ў рэдакцыях незалежных газэт пасьля сустрэчы Сярэдзіча і Лукашэнкі


13 лютага Аляксандар Лукашэнка паабяцаў галоўнаму рэдактару «Народнай Волі» Ёсіфу Сярэдзічу, што праблемы з распаўсюдам рэгіянальных газэт праз пошту і шапікі «Белсаюздруку» больш ня будзе.

Ёсіф Сярэдзіч на асабістай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам узьняў гэтае пытаньне, прывёўшы прыклад «Барысаўскіх навінаў» і «Газеты Слонімскай», зь якімі «Белсаюздрук» і «Белпошта» больш за 10 гадоў таму скасавалі дамовы.

Рэдактары «Барысаўскіх навінаў», «Газеты Слонімскай» і «Новага часу» расказалі, ці адбыліся якія зрухі за два тыдні, што прамінулі ад размовы Сярэдзіча і Лукашэнкі.

«Усё будзе вырашацца ў Менску»

Віктар Валадашчук
Віктар Валадашчук

Галоўны рэдактар «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук ужо зьвярнуўся ў галоўнае ўпраўленьне «Белпошты» і «Белсаюздруку» з просьбай аднавіць супрацоўніцтва:

«Безумоўна, мы адразу сталі зьвяртацца ў абласное ўпраўленьне „Белпошты“. Там адказалі, што ўсе пытаньні такога кшталту вырашаюцца ў Менску. Таму я падрыхтаваў усе паперы для „Белпошты“ і „Белсаюздруку“ і накіраваў іх з просьбай аднавіць супрацоўніцтва. Пакуль прыйшлі толькі паведамленьні, што гэтыя ўстановы атрымалі лісты. Я лічу, што канкрэтныя высновы і ацэнкі можна будзе рабіць толькі пасьля таго, як прыйдуць адказы. Але ўжо відавочна, што на мясцовым узроўні нічога вырашацца ня будзе — трэба ўказаньне зь Менску», — сказаў Віктар Валадашчук.

Цяпер «Газета Слонімская» выдаецца накладам 3,5 тысячы асобнікаў, якія прадаюцца на вуліцы, праз распаўсюднікаў. У лепшыя часы наклад быў 12,5 тысячы. Невялікая частка накладу, акрамя Слоніма, распаўсюджваецца ў суседніх Мастах, Зэльве і Дзятлаве.

«Размовы з кіраўніком „Белпошты“ пакуль не адбылося»

Анатоль Букас
Анатоль Букас

Галоўны рэдактар выданьня «Борисовские новости» Анатоль Букас таксама накіраваў у Менск лісты, у якіх напісаў пра нефармальнае распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі вырашыць праблему мясцовых СМІ:

«Я накіраваў лісты ў Міністэрства інфармацыі і ў „Белсаюздрук“. Адказаў пакуль няма. У лістах я пісаў, што Ёсіф Сярэдзіч сустракаўся з кіраўніком дзяржавы і той зазначыў, што наконт рэгіянальных СМІ праблема будзе вырашана. Таксама пра гэта мы зрабілі на першай старонцы нашай газэты вялікі матэрыял.

Яшчэ я двойчы пабываў у мясцовай філіі „Белпошты“, каб асабіста сустрэцца зь яе начальнікам Васілём Казачком, але яго не было на месцы. Размовы пакуль не атрымалася».

«Не спадзяёмся на станоўчы адказ»

Мужчына чытае спэцвыпуск газэты «Новы час»
Мужчына чытае спэцвыпуск газэты «Новы час»

Галоўны рэдактар менскай газэты «Новы час» Аксана Колб таксама зьвярнулася ў «Белсаюздрук» і «Белпошту». Гэта для яе ўжо звычайная справа — за апошнія паўтара года такія звароты адпраўляліся чатыры разы.

«Са жніўня 2015 году мы ўжо чатыры разы зьвярталіся ў «Белсаюздрук» і «Белпошту» з просьбамі пра распаўсюд газэты. Апошні раз гэта было ўжо пасьля сустрэчы Сярэдзіча і Лукашэнкі, і адказ на апошні зварот пакуль не атрыманы. Папярэдні адказ зводзіцца да таго, што «заключаць дамову на распаўсюд — гэта права, а не абавязак».

«Мы не асабліва спадзяёмся на станоўчы адказ. Я не выключаю, што рэгіянальныя выданьні ўключаць у каталёгі, а мы застанемся „за бортам“. Але паспрабавалі — а раптам? Бо ёсьць запатрабаванасьць. Цяпер нашым чытачам вельмі нязручна атрымліваць газэту. Мы зьвяртаемся ў дзяржаўныя ўстановы хутчэй не для сябе, а для нашых чытачоў, каб яны маглі зайсьці ў шапік і набыць газэту ці проста выпісаць яе».

Чытачы газэты «Новы час» стварылі электронную пэтыцыю на плятформе «Удобный город», у якой просяць «Белпошту» дадаць газэту «Новы час» у падпісны каталёг, а «Белсаюздрук» і абласныя саюздрукі — узяць яе на распаўсюд.

Пэтыцыю падпісалі ўжо амаль 300 чалавек.

Цяпер наклад друкаванай газэты «Новы час» — тры тысячы. Вялікая яго частка распаўсюджваецца бясплатна. Але ёсьць магчымасьць перавесьці грошы на рахунак выданьня і атрымліваць яго на паштовы адрас у канвэрце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG