Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня народнага пісьменьніка Беларусі Янкі Брыля. Клясык беларускай літаратуры пражыў доўгае і насычанае жыцьцё, аднак некаторыя старонкі біяграфіі дагэтуль закрытыя нават ад ягоных калегаў па цэху.

​Ён нарадзіўся ў Адэсе ў сямʼі чыгуначніка Антона Данілавіча Брыля. У 1922-м сямʼя вярнулася на радзіму, у вёску Загорʼе, што на Карэліччыне, якая тады была ў складзе Польшчы. У 1931-м Янка Брыль скончыў польскую сямігодку і паступіў у Наваградзкую гімназію, але ня змог вучыцца з прычыны матэрыяльных цяжкасьцяў.

У 1939-м прызваны ў Войска Польскае, служыў у марской пяхоце. Пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны, у верасьні таго ж году трапіў пад Гдыняй у нямецкі палон, зь якога ўцёк у 1941-м. Вярнуўся ў Беларусь. Праз год стаў сувязным партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэньня, а ў 1944-м — разьведчыкам партызанскай брыгады «Камсамолец». Рэдагаваў газэту «Сьцяг свабоды» Мірскага падпольнага райкаму партыі і сатырычны лісток «Партызанскае жыга́ла». Па вызваленьні Беларусі працаваў рэдактарам раённай газэты ў Міры, загадваў аддзелам у рэдакцыі часопіса «Вожык».

У розныя гады Янка Брыль быў намесьнікам рэдактара часопісаў «Маладосьць» і «Полымя», рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, сакратаром праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР. З 1945 году сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР. У 1966–1971 — сакратар праўленьня СП БССР. Двойчы абіраўся дэпутатам ВС БССР (1963–1967, 1980–1985). Старшыня Беларускага аддзяленьня таварыства «СССР — Канада» (1967–1990), сябра Беларускага ПЭН-цэнтру з 1989-га. Ганаровы сябра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994).

3 1981-га — народны пісьменьнік Беларусі. Кавалер двух ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сьцяга, ордэна Айчыннай вайны II ступені, ордэна Дружбы Народаў, ордэна «Знак Пашаны», мэдаля Францыска Скарыны, шматлікіх польскіх мэдалёў, ляўрэат вышэйшых савецкіх, польскіх і беларускіх літаратурных прэмій.

Бібліяграфія Янкі Брыля налічвае каля сарака кніг у арыгінале і шматлікія пераклады больш як на трыццаць моваў.

Янка Брыль памёр 25 ліпеня 2006 году. Пахаваны ў Калодзішчах.

26 верасьня 2007 году імя Янкі Брыля атрымала вуліца ў менскім мікрараёне Міхалова. 26 жніўня 2009 году імя Янкі Брыля было нададзена адной з вуліц у польскай Гдыні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG