Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня народнага пісьменьніка Беларусі Янкі Брыля. Клясык беларускай літаратуры пражыў доўгае і насычанае жыцьцё, аднак некаторыя старонкі біяграфіі дагэтуль закрытыя нават ад ягоных калегаў па цэху.

Ёсьць на маім старым ноўтбуку спрат (калі заўгодна — файл) «Брыль». Ужо даўнавата я закінуў у той спрат сюжэты, якія варта было б дэталёва ці хоць коратка паказаць ва ўспамінах пра пісьменьніка. Іншы раз мне ўспамінаецца тое, на што я быў забыўся. І ўспомненым сюжэтам я дапаўняю той спрат. Акром таго, нейк трэба засесьці ды сабраць у адно ўсё, што я ўжо наўспамінаў і апублікаваў. Трэба толькі дабраць часу і клапаціцца пра здароўе, каб дажыць да 75, бо казаў мне мой даўні добразычлівец Арсень Ліс, што галоўнае трэба зрабіць да гэтага ўзросту.

І ўжо каторы раз кажу: успаміны трэба пісаць, пакуль ёсьць жывыя сьведкі тых падзей, пра якія ты пішаш. Сьведкі не дадуць схлусіць, нешта перакруціць. Не дадуць раскапрызіцца памяці, якая нярэдка падманвае ўспамінальнікаў.

Вось спыталася ў мяне адна даўняя і добрая знаёмая: якую ролю адыграў у тваім жыцьці Янка Брыль? І гэта ж добра, што ўжо даўнавата я, апавядаючы (помніцца, што ў «Нашай Ніве») пра тое, як мяне, дваццацігадовага, «за палітыку» запраторылі ў псыхіятрычку, згадаў добрым словам Янку Брыля. Бо пісьменьнік, даведаўшыся, што са мною, прыйшоў у той пабазыльянскі будынак на Траецкай гары, дзе месьцілася псыхіятрычка, і з кім трэба пагаманіў. Ведаю, што Іван Антонавіч прачытаў той тэкст. І нічога з таго, што я сказаў карэспандэнту, не аспрэчыў.

Анатоль Сідарэвіч
Анатоль Сідарэвіч

Не рызыкую пісаць пра сяброўства з Брылём, бо ён на 30 гадоў за мяне старэйшы. Бацька і векам, і жыцьцёвым досьведам. Шкадую, што рэдка бываў у яго. Шкадую, што не натаваў, як Сяргей Шапран, пачутае.

Ня ведаю, як будзе са мною далей, але цяпер я добра пачуваюся на адзіноце. На адзіноце добра чытаецца і пішацца. На адзіноце добра чыталася і пісалася і Янку Брылю. Але яму важна было і з кімсьці пагаманіць, абмяняцца думкамі. Здаецца, у адным абразку ў яго ёсьць гэтакае: у чалавека стаіць тэлефон, але ніхто ня звоніць. «Каб хоць адзін сабака пазваніў», — з прыкрасьцю думае той чалавек. Гэтае «каб хоць адзін сабака пазваніў» я чуў ад самога Брыля. Я іншы раз званіў. Асабліва ў Вялікі пост, бо ў Вялікі пост я да Івана Антонавіча ня езьдзіў. У апошнія гады яго жыцьця прыяжджаў звычайна на Вялікдзень са сьвянцоным. Сам Іван Антонавіч, у нечым пасьлядоўнік Льва Талстога і ў раньняй маладосьці чытач Эрнэста Рэнана, ідэю Бога не адмаўляў, а вось у Сына Божага, у яго ўваскрасеньне ня верыў. «І навошта было ўваскрасаць?» Такое пытаньне, здаецца, задаваў Талстой. І гэтае пытаньне задаў у адной гутарцы Іван Антонавіч. Хрыста Брыль прызнаваў і шанаваў як Настаўніка маральнасьці, і хрысьціянства для яго было цікавае менавіта з гэтага пункту гледжаньня.

Ніна Міхайлаўна, пані Брылёва, як я называў іншы раз яе, падзяляла погляды свайго мужа. Памятаю, як я аднаго разу ехаў да Брылёў на вуліцу Дразда і як мяне ўразіла доўгая чарга перад Сьвятадухавым саборам. Былі Грамніцы. Людзі сьвяцілі сьвечкі. Звычайная праява «обрядоверия», як з прыкрасьцю кажуць вучоныя сьвятары. Прыехаўшы да Брылёў, я гучна павіншаваў пані Брылёву: «Са сьвятам, Ніна Міхайлаўна!» І спытаўся: «Вы ўжо пасьвяцілі сьвечкі?». Трэба было бачыць іранічна-скептычную ўсьмешку Ніны Міхайлаўны і пачуць на поўным сурʼёзе прамоўленае: Царства Божае ўнутры нас.

Гэта быў саюз аднадумцаў. І супрацоўнікаў. Пішучы і публікуючы нэкралёг па Ніне Міхайлаўне, я, каюся, не напісаў, што яна была яшчэ і перакладчыцай, таксама літаратарам. І можна зразумець, якую страту панёс Янка Брыль у 2003-м, калі ягоная жонка адышла ў вечнасьць. І можна таксама зразумець, як важнае было для яго, ужо немаладога, жывое камунікаваньне зь людзьмі, асабліва з даўнімі знаёмцамі, з калегамі па літаратурным цэху, асабліва з тымі, перад кім ён мог раскрыцца напоўніцу.

Тут яшчэ і тое трэба зацеміць, што ў апошнія гады жыцьця яму бракавала кантактаў з роднымі. Сына, Андрэя Іванавіча, кандыдата фізыка-матэматычных навук (за саветамі ён працаваў у адным калектыве з прафэсарам Юрыем Хадыкам) запрасілі на працу ў Японію. І ён са сваёй Нінай Піліпаўнай падаўся ў тую далёкую старану. Іван Антонавіч з гумарам адзначаў: калі нявестку японцы называлі Ніна-сан, дык сына — Брыль-сан. Мусіць, ім цяжка было вымавіць сынава імя. Вырасьлі ўнукі. Сынаў сын, цяпер добра вядомы шырокай публіцы як паэт і перакладчык Антон Францішак Брыль, а па спэцыяльнасьці матэматык (калі не памыляюся, яго спэцыялізацыя — матэматычнае забесьпячэньне працы «разумных машын»), са сваёю жонкаю таксама паехаў за мяжу — у Ірляндыю, а потым у Швайцарыю. Памятаю, як дзед радаваўся зь першае публікацыі ўнука-матэматыка і шкадаваў, што не разумее напісанага ўнукам. І з гумарам дадаваў: сын (дарма, што кандыдат фізыка-матэматычных навук) таксама ня шмат зразумеў. Памятаю, як Івана Антонавіча прыемна (нават вельмі прыемна) уразіла тое, што ўнук-матэматык піша яшчэ і вершы. І калі я сказаў, што ў гэтага матэматыка сапраўды ёсьць паэтычны зрок і слых, дзед быў вельмі ўсьцешаны. Зь ня меншым сантымэнтам ён ставіўся да Антонавай жонкі. Заўсёды называў яе Антонавай жоначкай. Паехала за мяжу і ўнучка Вольга, Андрэя Іванавіча і Ніны Піліпаўны дачка, Антонава сястра, таксама матэматык. Дзед аднаго разу з захапленьнем апавядаў мне, як гэтая матэматык парадавала яго і Ніну Міхайлаўну танцам. Ды пры гэтым яшчэ сказала: «Вось так танцуе ўнучка!». Дзеду і бабе было як алейкам па сэрцы.

Пісьменьнік Антон Брыль
Пісьменьнік Антон Брыль

Адсутнасьць гэтых людзей у Менску, у Беларусі пэўным чынам зьбядняла Івана Антонавіча. Ён па іх сумаваў. Суцяшэньнем было тое, што побач заставаліся дочкі — Галіна і Натальля. І Галінін сын Міхась са сваёю Марыяй. Міхась, як і Антось, — хлопец высокі, шырокі ў плячах, парадаваў дзеда праўнучкай. Заставалася ў Менску і Натальліна Данута са сваім Мікалаем.

Ведама ж, ня кожны дзень дочкі, Міхась і Данута маглі адведваць бацьку і дзеда. Тут дадам яшчэ і тое, што лекары забаранілі Янку Брылю глядзець тэлевізар і слухаць радыё. Заставалася толькі чытаньне. Але ж ня будзеш ты чытаць круглы дзень. І радасьцю для Янкі Брыля былі тэлефанаваньні і візыты да яго сяброў ды знаёмых.

Калі ў мінулым годзе, у лістападзе, быў у Брылёвай кватэры, нейк не пацікавіўся, ці захаваліся ягоны стол і ягонае крэсла. Крэсла вялікае, глыбокае. У ім можна і падрамаць. Гэтае крэсла, апавядала мне Натальля Іванаўна, знайшлі і купілі для Івана Антонавіча аж у Міхалове, тады яшчэ, можна сказаць, вёсцы. Хто ж ведаў, што там будзе вуліца Янкі Брыля?

У тым вялікім і глыбокім крэсьле сядзеў Іван Антонавіч, а побач стаяла крэсла меншае — для візыцёра. Ня раз і ня два ў тым меншым крэсьле сядзеў і я. Калі ўжо і прыходзіў да Брыля, дык не на хвіліну і не на гадзіну, бо разумеў: старому трэба выгаварыцца. І размова, як гэта звычайна бывае, пераскоквала з аднаго на другое. Паўтараю: шкадую, што не запісваў, як Сяргей Шапран, зьмест тых размоў. І ня толькі, каб проста разважыць старога, я прыходзіў да яго. Прыносіў яму часопіс «Arche», прыносіў кнігі. Аднаго разу прынёс том твораў Антона Адамовіча. І калі прыйшоў наступным разам, Брыль расказаў мне пра сустрэчу ў Нью-Ёрку двух Адамовічаў, двух крытыкаў і гісторыкаў літаратуры — Антона і Алеся. Як Антон, які ўважліва прачытаў кнігу Алеся пра Максіма Гарэцкага, быццам між іншым адзначыў: я таксама пісаў пра Гарэцкага. Што мог адказаць на гэта Алесь Адамовіч? «Ведаю, чытаў»? Ці казаў ён Антону Адамовічу, што згадваць ягоныя публікацыі, а пагатоў спасылацца на іх, у СССР было забаронена? Дый ці трэба было казаць Адамовічу-старэйшаму пра тое? Ён і сам выдатна ведаў савецкія парадкі.

Янка Брыль, Уладзімер Карпаў (Масква), Алесь Адамовіч і Дзьмітры Кавалёў. 1976 г. З фондаў БДАМЛМ
Янка Брыль, Уладзімер Карпаў (Масква), Алесь Адамовіч і Дзьмітры Кавалёў. 1976 г. З фондаў БДАМЛМ

Вось Антон Адамовіч піша, працягваў Брыль, што я ніколі не ўцякаў зь нямецкага палону, а быў выпушчаны немцамі як ляяльны беларус. Гэта ён піша з маіх словаў. А што я мог яму сказаць? Што ўцёк?

Так мы перайшлі да таго драматычнага пэрыяду ў жыцьці Янкі Брыля, які пазначаны датамі 1939–1952. Гэта ня значыць, што пісьменьнік ужо ў той гутарцы расказаў мне, як ён, уцёкшы з палону, мусіў уцякаць з роднага Загорʼя ў Менск, як ён працаваў у музэі пад кіраўніцтвам Антона Шукелойця, як пазнаёміўся зь беларускімі пісьменьнікамі, якія жылі аб той пары ў Менску... Усё гэта ён успамінаў то ў адной, то ў другой гутарцы са мною, і з гэтых фрагмэнтаў ужо потым можна было скласьці карціну або, калі заўгодна, мазаіку.

Іван Антонавіч думаў, што з прысуджэньнем яму ў 1952 годзе Сталінскай прэміі небясьпека для ягонага жыцьця зьнікла. І тады, і цяпер я больш чым упэўнены, што гэта ня так. Напрыклад, Сталінская прэмія і званьне народнага артыста СССР не ўратавалі жыцьцё цалкам ляяльнага Салямона Міхоэлса, які ў вайну нямала зрабіў для Чырвонай арміі. А ў Брыля быў букет «правінаў» перад бальшавіцкім рэжымам.

Аднаго разу я пералічыў Брылю ўсе ягоныя «грахі». Ды яшчэ ў тэрмінах савецкай прапаганды сталінскай пары. «Букет» набраўся салідны: сын заможнага селяніна (16 гектараў добрай зямлі, гектар лесу, сенажаць), у Заходняй Беларусі быў талстоўцам, друкаваўся ў клясава варожым часопісе «Шлях моладзі», чытаў таксама клясава варожы часопіс «Калосьсе», непасрэдна ці апасродкавана знаўся з асуджанымі ворагамі народу тыпу Макара Краўцова, быў у нямецкім палоне, мог быць завэрбаваны Абвэрам ці ведамствам Вальтэра Шэленбэрга, у час вайны друкаваўся ў «Беларускай газэце», вёў знаёмствы з тым жа Адамовічам і Натальляй Арсеньневай ды іншымі ворагамі, працаваў у музэі пад кіраўніцтвам буржуазнага нацыяналіста Шукелойця... Іван Антонавіч слухаў уважліва, і калі я скончыў, сказаў: умееш. На гэта я адказаў: не дарма прачытаў процьму старых газэт і часопісаў.

На кватэры ў Гарэцкіх. Сядзяць: Янка Брыль, Галіна Гарэцкая, Вера Адамовіч, Ніна Брыль. Стаяць: Алесь Адамовіч і Гаўрыла Гарэцкі. Менск, люты 1981 год
На кватэры ў Гарэцкіх. Сядзяць: Янка Брыль, Галіна Гарэцкая, Вера Адамовіч, Ніна Брыль. Стаяць: Алесь Адамовіч і Гаўрыла Гарэцкі. Менск, люты 1981 год

Небясьпека для яго жыцьця зьнікла пасьля сьмерці тырана, з прычыны зьмякчэньня рэжыму. Але гэта ня значыць, што да яго ставіліся як да свайго. Калі я прачытаў указ аб прысваеньні Брылю званьня народнага пісьменьніка, то адбіў яму тэлеграму. Пэўна, яна захоўваецца ў архіўным фондзе Івана Антонавіча. Было ў той тэлеграме, як помніцца, слова «нарэшце». Народнымі ўжо сталі і Мележ, і Шамякін, і Танк, і Куляшоў, і Панчанка, і Быкаў. З самых прыкметных пісьменьнікаў толькі Брыль ня меў гэтага званьня. У 1981-м я яшчэ ня ведаў так падрабязна жыцьцяпіс пісьменьніка, ня ведаў, якія былі перашкоды. А ўжо ў 2009-м, на прэзэнтацыі першага выпуску альманаху «Асоба і час», пачуў словы: «Он не принимает нашу систему». Гэтыя словы, маючы наўвеце Янку Брыля, сказаў Пётар Машэраў. Сказаў дома, сямейнікам. І гэтыя словы свайго бацькі на прэзэнтацыі альманаху працытавала Натальля Пятроўна Машэрава. Першы сакратар Кампартыі Беларусі, «гаспадар» рэспублікі ведаў пра Янку Брыля шмат і ведаў пра яго стаўленьне да рэжыму. А таму нельга не аддаць яму належнае: калі паўстала пытаньне, прысвойваць ці не прысвойваць Брылю званьне народнага, Машэраў настаяў на тым, каб прысвоілі. На першае месца ён паставіў талент, а «грахі» і «правіны» адвёў на другі плян.

У час V зьезду пісьменьнікаў СССР. У цэнтры Янка Брыль, справа Іван Мележ, зьлева Эдуардас Межалайціс. Масква, 2 ліпеня 1971 г. З фондаў БДАМЛМ
У час V зьезду пісьменьнікаў СССР. У цэнтры Янка Брыль, справа Іван Мележ, зьлева Эдуардас Межалайціс. Масква, 2 ліпеня 1971 г. З фондаў БДАМЛМ

Потым, чытаючы ў Нацыянальным архіве сякія-такія дакумэнты, я даведаўся пра Машэрава тое, чаго не пісалі пра яго ў афіцыйных біяграмах у савецкі час. І Машэраў быў не без «граху»: і ў палоне ў немцаў пабываў (уцёк), і настаўнікам у час акупацыі год папрацаваў. І калі б яму ў час вайны не паспрыяў сакратар Вілейскага абкаму партыі Іван Клімаў, хто ведае, ці зрабіў бы ён такую бліскучую карʼеру...

Не магу сказаць, ці дайшлі да Янкі Брыля тыя словы Машэрава пра сыстэму, але пра барацьбу вакол ягонай кандыдатуры на званьне народнага ён ведаў. І таму пра Машэрава гаварыў з павагай. Не зь піетэтам, а з павагай. Асабліва калі параўноўваў Машэрава з новымі «гаспадарамі» Беларусі.

XS
SM
MD
LG