Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што чакае Кондруся на экспэртызе ў «Навінках»? Расказвае былы палітвязень Аўтуховіч


Уладзімер Кондрусь
Уладзімер Кондрусь

Актывісту з Рудзенску Ўладзімеру Кондрусю бацькі перадалі ў ізалятар на вуліцы Валадарскага зімовы абутак і харчы, але сустрэцца з сынам турэмшчыкі ім не дазволілі.

16 лістапада, калі пачаўся працэс над Уладзімерам Кондрусем, ён спрабаваў парэзаць сабе вены на руцэ, пасьля чаго суд пастанавіў адправіць падсуднага на комплексную псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу.

На пытаньне карэспандэнта Свабоды пра сёньняшнюю сытуацыю вакол Ўладзімера Кондруся адказала сястра палітвязьня Ірына:

«Учора бацькі пайшлі да Валодзі на „Валадарку“, але сустрэцца зь ім так і не дазволілі. Аднак перадачу ўзялі. Яшчэ сказалі, што адваката да яго ня пусьцяць, пакуль ня пройдзе экспэртызы. Учора ён яшчэ быў на Валадарскага, чакаў, пакуль адвязуць на экспэртызу ў шпіталь у Навінках. Лекар „Валадаркі“ выходзіў да бацькоў і казаў, што са здароўем у Валодзі нібыта нармальна: маўляў, так, ёсьць сьляды на руцэ, але да значнай траўмы не дайшло. Толькі я лічу, навошта тая псыхічная экспэртыза, калі чалавек зусім нармальны? Ён усяго толькі пратэставаў супраць гэтага суду і арышту».

Паводле адваката Вадзіма Мушынскага, які абараняў Уладзімера Кондруся ў судзе, працэс адновіцца не раней за другую палову сьнежня:

«Сёньня я зь ім ня бачыўся і не спрабаваў, бо ведаю дакладна: пакуль ня пройдзе экспэртызы, да яго не дапусьцяць. Такі закон. Працэс адновіцца ў лепшым выпадку ў другой палове сьнежня, бо гэта хутка ня зробіш, экспэртыза комплексная, яму шмат чаго давядзецца перажыць».

Пра тое, што чакае Ўладзімера Кондруся падчас экспэртызы ў Навінках, можа меркаваць былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч. У пачатку 2010-х гадоў прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча арыштавалі паводле абвінавачаньня ў эканамічных злачынствах і трымалі ў менскай турме, якая знаходзілася на вуліцы Кальварыйскай. Там Мікалай Аўтуховіч распачаў галадоўку пратэсту, якую турэмшчыкі кваліфікавалі як спробу суіцыду. У выніку Аўтуховіч сам прайшоў праз псыхічную экспэртызу, а яшчэ яго трымалі разам зь вязьнямі, якіх адпраўлялі на экспэртызу ў Навінкі.

Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

«Мяне шмат гадзінаў трымалі ў асобным кабінэце і распытвалі, напрыклад, ці я ня псіх. Рабілі так шмат разоў. Тое ж казалі і хлопцы, якія са мной сядзелі пасьля „Навінак“. Задаюць розныя пытаньні, а празь некалькі дзён зноў пытаюцца тое самае, потым зноў. Каб параўнаць адказы — такі ў іх мэтад. Яшчэ казалі, што даюць абавязковыя лекі, пасьля якіх чалавек губляе волю. Прычым правяраюць, ці праглынуў; могуць і пабіць, калі не. У рот нават залазяць, каб праверыць. Яшчэ казалі, што там даволі дрэнна кормяць, людзі адтуль вяртаюцца схуднелымі, галоднымі», — паведаміў былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Тым часам беларускія праваабаронцы і апазыцыйныя палітыкі абвясьцілі збор сродкаў на дапамогу Ўладзімеру Кондрусю.

Сход, які разглядаў гэтую ініцыятыву, адбыўся ўвечары 16 лістапада ў Менску. Таксама ўдзельнікі форуму падпісалі зварот з патрабаваньнем адстаўкі міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Мяркуецца, што міністар нясе пэрсанальную адказнасьць за хвалю незаконнага і жорсткага абыходжаньня міліцыянтаў зь вязьнямі турмаў і падсьледнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG