Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч аднавіў набор у партыю, якая «ня здрадзіла»


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Сваё далучэньне да іншай партыі ён нават не разглядаў — «Народная грамада» існуе, дзейнічае, ніхто з партыі не даваў паказаньняў супраць свайго лідэра.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя («Народная грамада») аднаўляе прыём новых сяброў пасьля падзеяў 2010 году, паведаміў на Facebook лідэр партыі Мікола Статкевіч.

Партыя аднаўляе прыём новых сяброў «у сувязі са зьменай сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне і неабходнасьцю актывізацыі сваёй дзейнасьці», далучыцца да яе можна, зьвярнуўшыся асабіста да Статкевіча ў прыватных паведамленьнях у сацсетках.

Партыя не давала паказаньняў супраць свайго лідэра

«Паўгода да мяне ідуць звароты, у асноўным праз Facebook і „Ўкантакце“, пішуць, пытаюць, ці ёсьць у мяне партыя, кажуць, хацелі б далучыцца. Ці нават — „Стварайце сваю партыю, мы далучымся“, — кажа Свабодзе Мікола Статкевіч. — Я проста мушу рэагаваць на гэта».

Партыя не набірала новых сяброў ужо пяць гадоў. Можа, пра яе ўсе забылі і варта было проста далучыцца да іншай партыі, напрыклад — АГП, руху «За свабоду» ці кампаніі «Гавары праўду»? Статкевіч такі варыянт рашуча адкідае: пасьля судовых спраў 2010 году палітык пабачыў, што ў ягонай судовай справе няма ніякіх паказаньняў сяброў партыі супраць яго.

«Ёсьць свая каманда, партыя, якая прайшла праз усе выпрабаваньні, і ніхто ня здрадзіў. Мы гатовыя разглядаць усялякія аб’яднаньні, у тым ліку міжпартыйныя. Але, даруйце, выходзіць з партыі, якая павяла сябе годна і прыстойна, і ісьці ў любую, дзе былі здраднікі, — дзе тут лёгіка?»

У Палату прадстаўнікоў і ў Кангрэс дэмсілаў

«Партыя даўно не афішуе сваёй дзейнасьці, бо ня мае рэгістрацыі ў Беларусі, толькі міжнароднае прызнаньне — мы сябры Сацыялістычнага інтэрнацыяналу, — удакладняе Статкевіч. — І партыя праяўляе палітычную актыўнасьць толькі падчас палітычных кампаніяў».

Нагодай для палітычнай актыўнасьці партыі цяпер маюць стаць парлямэнцкія выбары, якія пройдуць у 2016 годзе не пазьней як 11 верасьня. Таксама «Народная грамада» мае далучыцца да Кангрэсу дэмакратычных сілаў, у якім ад першага паседжаньня аргкамітэту бярэ ўдзел Статкевіч. Але гэта яшчэ не зацьверджана — ЦК партыі мае сабрацца найбліжэйшым часам і разглядзець стаўленьне «Народнай грамады» да выбараў і Кангрэсу:

«Прэзыдыюм партыі ўжо ёсьць і мае ўсе паўнамоцтвы, ён падтрымлівае ідэю скарыстаць гэтую выбарчую кампанію, таксама ідэю Кангрэсу, каб уся праэўрапейская апазыцыя выступала адзіным сьпісам. ЦК быў заплянаваны на 28 лютага, але на гэты дзень прызначылі акцыю — ужо нават не прадпрымальнікаў, а наагул па сацыяльных праблемах. Таму ЦК, магчыма, перанясем на пазьнейшы тэрмін».

Чаму спынялі прыём і чаму цяпер аднавілі?

«Гэта быў крок вельмі цяжкі, але проста ўсе разумелі, наколькі небясьпечная сытуацыя, як проста падарваць сытуацыю знутры, — згадвае Статкевіч прыпыненьне прыёму новых сяброў. — Вядома, канфлікты ў партыі былі неаднаразова. Раней пад кожныя прэзыдэнцкія выбары здараліся дзьве рэчы: канфлікт у партыі і крымінальная справа супраць старшыні. Толькі перад 2010 годам здолелі пазьбегнуць. Цяпер шмат дыскутавалі, калегі апасаліся, што разам з нармальнымі, годнымі людзьмі ў партыю трапяць людзі „спэцыяльныя“».

Цяпер вырашылі ўсё ж набіраць новых сяброў, «бо справа вызначыць, хто ёсьць хто». З новымі людзьмі будзе сустракацца асабіста Статкевіч. Ён будзе езьдзіць па рэгіёнах, каб асабіста знаёміцца з прэтэндэнтамі.

Беларускія сацыял-дэмакраты ад 1991 году

Гісторыю «Народнай грамады» адлічваюць ад 2 сакавіка 1991 году, калі была ўтвораная Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада. На чале яе быў гісторык Міхась Ткачоў. Партыя мелася працягваць традыцыі першай беларускай палітычнай партыі — утворанай у 1902 годзе Беларускай сацыялістычнай грамады, у якой бралі ўдзел Іван і Антон Луцэвічы, Цётка, Карусь Каганец, Вацлаў Іваноўскі ды іншыя.

У 1996 годзе БСДГ аб’ядналася з Сацыял-дэмакратычнай партыяй Народнай згоды і паўстала пад новай назвай — Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная грамада). Кіраўніком партыі стаў Мікола Статкевіч.

У 1998 годзе незалежна ад БСДП (НГ) была ўтвораная БСДГ на чале са Станіславам Шушкевічам, якая існуе да сёньня.

У 2005 годзе БСДП (НГ) была пазбаўленая рэгістрацыі, бо ўлады палічылі, што Статкевіча пераабралі на яе старшыню з парушэньнямі.

Тады ад яе адкалолася частка актыву, якая стала дзейнічаць незалежна ад Статкевіча і «левай» часткі БСДП (НГ) пад кіраўніцтвам Аляксандра Казуліна. Яны вядомыя пад назвай БСДП (Грамада).

БСДП (Народная Грамада) была адноўленая Статкевічам у 2007 годзе, але яе так і не зарэгістравалі.

Статкевіч згадвае: у 2008 годзе ў статусе аргкамітэту па стварэньні партыі (а дзейнасьць ад імя незарэгістраваных партыяў, пачынаючы з 2006 году, вядзе да крымінальнай адказнасьці) «Народная Грамада» зьбірала подпісы за Эўрапейскі сьпіс кандыдатаў у дэпутаты ў больш як дзьвюх трацінах акругаў, у 2010 годзе вылучыла Статкевіча кандыдатам у прэзыдэнты, таксама брала ўдзел у зборы подпісаў за іншага кандыдата, Дзьмітрыя Вуса (на выпадак, калі Статкевіча адмовяцца рэгістраваць).

Пасьля выбараў-2010, калі за краты былі кінутыя кандыдаты Міхалевіч, Някляеў, Саньнікаў і Статкевіч, а кандыдатаў Рымашэўскага, Кастусёва і Вуса трымалі пад сьледзтвам пад падпіскай пра нявыезд, партыя працягвала дзейнасьць. На парлямэнцкіх выбарах-2012 партыя спрабавала вылучыць Статкевіча, які знаходзіўся за кратамі, кандыдатам у дэпутаты, падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў 72 акругах са 110 (Статкевіч кажа, кампанія была моцная, «аж з камэры чуў гістэрыку спадарыні Ярмошынай»). На выбарах 2015 году партыя стала «касьцяком» ініцыятыўнай групы па вылучэньні Статкевіча кандыдатам у прэзыдэнты.

Міколу Статкевіча выпусьцілі з турмы пасьля 4 гадоў і 8 месяцаў зьняволеньня. Статкевіч заяўляе, што не даваў за гэты час паказаньняў па крымінальнай справе, але згадвае, што калі вычытваў матэрыялы справы, яго пыталі: «Як мы вас празявалі?», маючы на ўвазе партыю, якая сабрала неабходныя подпісы за вылучэньне кандыдата ў прэзыдэнты.

Пасьля выхаду з турмы Статкевіч зноў стаў удзельнічаць у вулічных акцыях, у тым ліку ў масавым Шэсьці нацыянальнага сьцяга напярэдадні выбараў, акцыях пад будынкам КДБ і Домам ураду, цяпер жа разам зь лідэрам «Пэрспэктывы» Анатолем Шумчанкам падаў заяўку на мітынг у падтрымку прадпрымальнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG