Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША прыпынілі разгляд заявак на іміграцыйныя візы

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа прыпыніла разгляд усіх заяваў на іміграцыйныя візы.

Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША заявіў, што ў пачатку жніўня ведамства пачало праграму навучаньня ўва ўсіх амбасадах і консульствах, і тэрміны запісу на візавыя паслугі давялося зьмяніць.

Згодна з заявай Дзяржаўнага дэпартамэнту, навучаньне накіраванае на тое, каб падрыхтаваць консульскіх супрацоўнікаў да «ўсебаковай і пасьлядоўнай ацэнкі кожнага заяўніка на візу». Гэта, паводле заявы, дазволіць гарантаваць, што заяўнікі ня будуць залежаць ад дзяржаўнай дапамогі ЗША. У ведамстве не ўдакладнілі іншых падрабязнасьцяў, у тым ліку тэрмінаў навучаньня.

Раней газэта Financial Times паведаміла, што заяўнікі на атрыманьне візаў, якім ужо былі прызначаныя сумоўі, атрымалі апавяшчэньні аб пераносе сустрэчы. У паведамленьні гаварылася, што іх паінфармуюць аб новай даце.

На гэтым тыдні Дзяржаўны дэпартамэнт абвясьціў плян ануляваць візы іншаземцам, якія прыехалі ў ЗША з мэтай турызму ці бізнэсу, але ў выніку падалі заяву на атрыманьне прытулку. Гэтае рашэньне можа закрануць да 200 тысяч чалавек.

Што папярэднічала

Як адзначае Reuters, Дональд Трамп праводзіць агрэсіўную кампанію дэпартацыі і ўзмацняе жорсткасьць іміграцыйнай палітыкі, якая ўключае ў сябе ануляваньне візаў і грын-картаў, а таксама адхіленьне заявак з шэрагу прычын, уключаючы палітычныя перакананьні і ўдзел у прапалестынскіх пратэстах. Паводле Трампа, гэтыя захады накіраваныя на павышэньне ўнутранай бясьпекі.

22 жніўня суд у ЗША скасаваў рашэньне Дзяржаўнага дэпартамэнту аб прыпыненьні выдачы іміграцыйных візаў грамадзянам 75 краін, прызнаўшы яго незаконным. Судзьдзя згадала, што праца консульскіх службаў знаходзіцца па-за зонай адказнасьці Дзяржаўнага дэпартамэнту, і папракнула яго кіраўніка Марка Рубіё ў перавышэньні паўнамоцтваў.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG