ЗША шосты раз наклалі вэта на рэзалюцыю Рады бясьпекі ААН аб Газе

Пасяджэньне Рады бясьпекі ААН
Пасяджэньне Рады бясьпекі ААН

Рэзалюцыя патрабавала ад Ізраілю зьняць усе абмежаваньні на пастаўкі гуманітарнай дапамогі ў сэктар Газа.

Злучаныя Штаты 18 верасьня наклалі вэта на праект рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН, які патрабаваў «неадкладнага, безумоўнага і сталага» спыненьня агню ў сэктары Газа, а таксама зьняцьця Ізраілем усіх абмежаваньняў на дастаўку гуманітарнай дапамогі ў палестынскі анкляў, піша Reuters.

Астатнія 14 чальцоў Рады падтрымалі рэзалюцыю, ініцыяваную ў жніўні ў адказ на афіцыйную аб’яву ААН аб голадзе ў Газе пасьля амаль двух гадоў вайны Ізраілю з ХАМАС.

Праект, падрыхтаваны дзесяцьцю абранымі чальцамі Рады бясьпекі, таксама заклікаў да неадкладнага, годнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх закладнікаў, якіх трымаюць палестынская радыкальная групоўка ХАМАС і іншыя ўзброеныя групоўкі. У ЗША і Эўразьвязе ХАМАС прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй.

«Няхай гэтая рэзалюцыя стане ясным пасланьнем, сыгналам, што Рада бясьпекі не адварочваецца ад галадоўнікаў — мірных жыхароў, ад закладнікаў і ад патрабаваньня спыніць агонь», — заявіла амбасадарка Даніі пры ААН.

Амбасадар Ізраілю пры ААН у адказ падкрэсьліў, што «рэзалюцыі супраць Ізраілю ня вызваляць закладнікаў і не прынясуць бясьпекі ў рэгіён». Ізраіль катэгарычна зьняпраўджвае выстаўленыя супраць яго абвінавачаньні ў штучным правакаваньні голаду і генацыдзе палестынцаў у Газе.

«Злучаныя Штаты адпрэчваюць гэтую непрымальную рэзалюцыю. Прыйшоў час, каб ХАМАС неадкладна вызваліў усіх без вынятку закладнікаў і безумоўна здаўся. Злучаныя Штаты працягнуць працаваць з сваімі партнэрамі, каб пакласьці канец гэтаму жахліваму канфлікту», — заявіла прадстаўнік ЗША.

За час узброенага канфлікту ў сэктары Газа, які пачаўся пасьля тэрарыстычнага нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году, ЗША накладваюць вэта на праекты рэзалюцыяў Рады бясьпекі ўжо шосты раз.

​
XS
SM
MD
LG