Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) увечары 15 верасьня пачала наземную апэрацыю па захопе горада Газа, мэта якой — разграміць групоўку ХАМАС, паведамляюць The Jerusalem Post і Axios.
Ізраільскія ВПС нанесьлі авіяўдары па Газе, пасьля чаго ў горад увайшлі танкі. Раней Армія абароны Ізраілю заклікала палестынцаў сысьці з Газы і перамясьціцца на поўдзень, у «гуманітарныя зоны». Па дадзеных Axios, горад пакінулі каля 300 тысяч чалавек.
Ізраільскае войска спрабуе захапіць паўночную частку горада, піша «Аль-Джазіра».
Раніцай 16 верасьня інфармацыю аб пачатку апэрацыі пацьвердзіў міністар абароны Ізраілю Ісраэль Кац. Паводле яго слоў, ізраільскае войска наносіць удар «жалезным кулаком» па «тэрарыстычнай інфраструктуры» ў сэктары Газа.
«Салдаты ЦАХАЛ мужна змагаюцца, каб стварыць неабходныя ўмовы для вызваленьня закладнікаў і разгрому ХАМАС. Мы не здадзімся і не адступім, пакуль наша задача не будзе выканана», — заявіў міністар.
Ізраільская апэрацыя пачалася празь некалькі гадзін сустрэчы прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньягу і дзяржсакратара ЗША Марка Рубіё.
Як піша Axios са спасылкай на двух ізраільскіх чыноўнікаў, Рубіё перадаў Нетаньягу, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падтрымлівае наземную апэрацыю Ізраіля ў Газе, аднак «жадае, каб яна была праведзеная хутка і скончылася як мага хутчэй».
- ХАМАС працягвае ўтрымліваць некалькі дзясяткаў закладнікаў, якія былі выкрадзеныя ў Ізраілі ў выніку маштабнага тэракту 7 кастрычніка 2023 года.
- Тады, у выніку ўварваньня баевікоў ХАМАС і іншых ваенізаваных ісламісцкіх груповак з сэктара Газа ў Ізраіль, 1200 ізраільцян былі забітыя (уключаючы 364 удзельнікі музычнага фэсту Nova) а яшчэ 253 былі ўзяты ў закладнікі.
- У адказ на гэтыя дзеяньні Ізраіль праводзіць ваенную апэрацыю ў сэктары Газа і адначасова вядзе перамовы з ХАМАС па закладніках у Катары.
- Але гэтыя перамовы ў апошнія некалькі месяцаў не прывялі да якіх-небудзь вынікаў.
- Па дадзеных ізраільскіх уладаў, у палоне ў палестынскіх баевікоў у сэктары Газа застаюцца 48 закладнікаў. Зь іх у жывых засталося каля 20 чалавек.
Форум