Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу журналісткі Дыяны Серадзюк спынілі. Віна яе не даказаная


Дыяна Серадзюк

Судзьдзя Першамайскага суду Менску Анастасія Папко апраўдала журналістку Дыяну Серадзюк, якую абвінавачвалі паводле артыкула 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Пасьля допыту сьведак, прагляду відэаматэрыялаў судзьдзя пастанавіла: «Вінаватасьць Дыяны Серадзюк не даказаная. Справа спыненая».

Вырашальную ролю ў працэсе адыгралі сьведкі — будаўнікі «Белрэканструкцыі»: газаэлектразваршчык Уладзімер Каньшын і муляр-абліцоўшчык Дзьмітры Хабалкін. Яны блыталіся ў паказаньнях, не маглі адказаць на ніводнае пытаньне судзьдзі і адваката. Урэшце прызналіся: супрацоўнікі міліцыі прынесьлі ім гатовы пратакол і прымусілі падпісаць, паабяцаўшы, што нікуды іх выклікаць ня будуць, ня будзе ніякіх наступстваў. Прычым, калі яны падпісвалі пратакол, прозьвішчаў парушальнікаў грамадзкага парадку там не было, іх дапісалі пазьней.

Дзьмітры Хабалкін шчыра прызнаўся, што на судзе бачыць гэтую дзяўчыну першы раз і ня будзе сьведчыць супраць яе:

«Ніколі яе я ня бачыў, ніколі. Гатовы паклясьціся суседзкім участковым».

Будаўнікі пацьвердзілі таксама, што ніколі на будоўлі міліцыянтаў у форме ня бачылі.

Сьведкі-будаўнікі адзначылі, што пратакол, які сёньня зачытала судзьдзя, і папера, якую яны падпісвалі раней, маюць сур’ёзныя разыходжаньні. Да прыкладу, паводле пратаколу, Хабалкін быццам бы пазнаў журналістку па фатаздымках. Але на судзе ён заявіў, што ніякіх фота яму ніхто не паказваў.

З паказаньняў будаўнікоў вынікае, што цяпер іх зацягалі па судах — у пратаколе дзясятак прозьвішчаў людзей, якія быццам бы парушалі грамадзкі парадак, пікетавалі будоўлю, перашкаджалі працы рабочых. І цяпер штодня іх выклікаюць на розныя працэсы.

Пасьля абвяшчэньня рашэньня аб спыненьні справы ў дачыненьні да Дыяны Серадзюк заля праводзіла судзьдзю Анастасію Папко авацыямі.

Дыяна Серадзюк
Дыяна Серадзюк

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG