Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пахаваньне мовазнаўцы Крывіцкага. Прафэсар Смулкова: Трэба перавыдаць яго «Дыялекталёгію» з мапамі


Аляксандар Крывіцкі

Разьвітаньне з выбітным дыялектолягам Аляксандрам Крывіцкім (1927–2017) пройдзе сёньня, 4 ліпеня, у рытуальнай залі ў Менску на вуліцы Чырвонаармейскай, 10 (ад 12:00 да 15:00). Прафэсар Эльжбета Смулкова ўспамінае калегу і просіць адшукаць і выдаць ягоныя дыялекталягічныя мапы.

Польская мовазнаўца, прафэсар, першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі Эльжбета Смулкова прыслала на Свабоду словы памяці пра калегу:

Эльжбета Смулкова
Эльжбета Смулкова

«Пішу ў падтрымку ўсяго таго, што ўжо сказалі Калегі Цыхун, Садоўскі і Клімчук пра нашага супольнага сябра Аляксандра Крывіцкага, аднаго з самых сьветлых людзей, якіх мне пашчасьціла ведаць. Прозьвішча Аляксандра знаходзіцца сярод аўтараў усіх найбуйнейшых дыялекталягічных беларускіх калектыўных выданьняў. Сёньня гартаю дзьве ягоныя кніжкі: „Наша родная мова“ (1973) і „Дыялекталогія беларускай мовы“ (2003) з асабістымі аўтарскімі дэдыкацыямі. Колькі паэтычнасьці у першай: „Незвычайнае хараство і зладжанасьць чуецца нам у гучаньні роднага слова. Яно то ласкавае і пяшчотнае, як подых летняга ветру, то шырокае і плаўнае, як далячынь палёў і азёрныя блакіты, то звонкае і пералівістае, як празрыстыя крыніцы і песьні птушак, то суровае і грознае, як навальнічныя хмары (с. 4)“.

Выданьне падручніка дыялекталёгіі напоўніла аўтара смуткам — выдаўцы адкінулі ўсе карты. Уявіце сабе „Лінгвістычную геаграфію“ бяз картаў. Аўтару было вельмі прыкра, калі ўручаў мне гэтую кнігу. Можа гэтыя недрукаваныя карты недзе захоўваюцца і можна апублікаваць новае папоўненае выданьне „Дыялекталёгіі“ ў памяць яе аўтара?

Вечная памяць Аляксандру, а яго блізкім словы спачуваньня і падтрымкі», — піша спадарыня Смулкова.

XS
SM
MD
LG