Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уся праўда пра словы „шлюб“ і „брак“. А як па-беларуску „бракосочетание“? ВІДЭА


Пра словы „шлюб“ і „брак“
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:49 0:00

Пра словы „шлюб“ і „брак“

Брак — гэта калі нечага не стае (бракуе), а таксама ‘хіба, дэфэкт’. Увага! У Беларусі брак з шлюбам нічога супольнага ня мае ;-) ВІДЭА

Беларускае слова брак найперш азначае ‘недахоп, нястача’. Старадаўні германізм з паходжаньня. Бракаваць — тое самае, што ‘не хапáць’:

Вечны брак часу. Яму бракуе грошай. Ёй толькі птушынага малака бракуе.

Брак = ‘хіба, дэфэкт’ — адсюль жа. Калі рэчы бракуе якасьці або важнай дэталі — яна і ёсьць бракаваная. (Хто вырабляе бракаванае — у нармальных умовах банкрутуе!)

Дудар каля аддзелу ЗАГС. Менск, Траецкае прадмесьце, 2015
Дудар каля аддзелу ЗАГС. Менск, Траецкае прадмесьце, 2015

Але беларускае слова брак зусім не пра гэты дом. Народная песьня нагадвае:

Да дубу, зязюлька, да дубу,
Час табе, Настулька, да шлюбу.

Тут бяруць шлюб; сюды ідуць пабрацца шлюбам, пашлюбавацца.

Расейскі царкоўнаславянізм „бракосочетание“ таксама адпавядае беларускаму шлюб. Бо шлюб — гэта і рытуал ды юрыдычны акт, і сямейны зьвяз.

Ну а калі хочам назваць падзею асабліва ўрачыста — маем слова шлюбавіны. Раней перш былі ​заручыны, а ўжо тады ​шлюбавіны.

Зьлюб, сьлюб, шлюб у нас слова старажытнае. Корань — любіць. Азначала палюбоўнае пагадненьне, дамоўленасьць, у тым ліку шлюбную. Цяперашняе гучаньне замацавалася пад уплывам польскага ślub (параўн. беларускія і польскія германізмы: шруба, шрот — śruba, śrut).

Манах Іаан (Алег Бембель) і Ян Запруднік
Манах Іаан (Алег Бембель) і Ян Запруднік

А выраз „шлюб законны“ некалі быў значна больш суворы, бо азначаў пастрыжэньне ў манахі...

У расейскай мове два словы „брак“ — і зусім розныя. Адно кепскае — пра вытворчую хібу, а другое добрае — пра зьвяз двух сэрцаў. Адсюль слоўныя гульні пра „бракодела“ і падобныя.

У беларускай такой праблемы няма. Зрэшты... Шлюбу можа перашкодзіць акурат брак. Прыкладам, брак рашучасьці: баіцца ён ёй прапанаваць шлюб.

Славуты лексыкограф ХІХ стагодзьдзя Іван Насовіч запісаў такі прыклад народнай мовы:

„Дзевак у нас бракуе, а хлапцоў досыць“.

Вось жа каб вам для шлюбу ды ў шлюбе нічога і нікога не бракавала.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG