Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыялінгвіст: «Слоўнік фэмінітываў — спроба назваць кабетаў сваімі ўласнымі прафэсійнымі найменьнямі»


Уладзіслаў Іваноў-Гарбацкі

У межах Фэстывалю беларускай інтэлектуальнай кнігі «Прамова» палітоляг, сацыялінгвіст Уладзіслаў Іваноў-Гарбацкі прэзэнтаваў кнігу «Гід па фэмінізацыі беларускай мовы», у якой аналізуе варыянты ўтварэньня фэмінітываў, вызначае праблемы. Таксама ў кнізе ёсьць даволі вялікі слоўнік фэмінітываў — больш за 3 тысячы слоў.

«Тарашкевіца сьмела фэмінізуе, наркамаўка пакідае назвы пасадаў у мужчынскім родзе»

Праблему фэмінізацыі беларускай мовы Ўладзіслаў Іваноў-Гарбацкі дасьледуе 10 гадоў. У 2012 годзе ён выдаў эсэ «Аб фэмінізацыі беларускай мовы». Тэму лічыць надзвычай важнай, хоць ведае, што на думку нават некаторых калегаў-лінгвістаў праблема штучная, прыцягнутая.

Паводле Ўладзіслава Іванова-Гарбацкага, у літаратуру, мовазнаўства і наагул у сацыяльныя навукі прыйшла новая генэрацыя спэцыялістаў, і «шматлікія пісьменьніцы, перакладніцы, фэміністы і фэміністкі ўсё актыўней патрабуюць фэмінізацыі мовы, указваючы на яе ранейшую адсутнасьць ці забыцьцё. Дый у сьвеце зьявіліся «канцлеркі, эпіскапкі, прэзыдэнткі, адміралкі, футбалісткі».

На думку дасьледчыка, адзін варыянт мовы — тарашкевіца — сьмела фэмінізуе, а другі — наркамаўка — пад уплывам нормы расейскай мовы пакідае шмат якія назвы пасадаў у мужчынскім родзе. Уладзіслаў прывёў і кур’ёзны выпадак: многія беларускія СМІ некалі паведамілі, што «прэзыдэнт Эстоніі заручыўся з кіраўніком аддзелу Мінабароны Латвіі». Толькі чытаючы далей, можна зразумець, што размова ідзе не пра гей-шлюб, а кіраўнік аддзелу — жанчына.

Беларускія клясыкі пакінулі багатую спадчыну: пэдагогіцу, анатамічку, сьвятарыню, цэнзарку

Аўтар падкрэсьлівае два важныя моманты, якія адзначыў пры сацыялінгвістычным аналізе тэмы фэмінізацыі беларускай мовы.

1. Беларуская мова заўсёды фэмінізавала назвы пасадаў — у старабеларускай мове, дыялектах, у творах клясыкаў літаратуры.

Цётка, Міхась Зарэцкі, Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны, Янка Брыль, Фёдар Янкоўскі, Рыгор Барадулін ды іншыя пакінулі багатую спадчыну, у тым ліку і рэдкія словы (анатамічка, цэнзарка, фатографка, філёзафка, сьвятарыня). У прыватнасьці, Алена Васілевіч ужывала слова «філялягіня», а Янка Брыль — «пэдагогіца».

2. Мэта дасьледаваньня — ня гендэрная роўнасьць, а дэманстрацыя моўнай разнастайнасьці. А слоўнік — «спроба назваць кабетаў сваімі ўласнымі прафэсійнымі найменьнямі».

Уладзіслаў Іваноў-Гарбацкі апэлюе і да старэйшага пакаленьня лінгвістаў — Янкі Станкевіча, Івана Насовіча, Мікалая Паўленкі, і да цяперашніх мовазнаўцаў — Паўла Сьцяцко, Вінцука Вячоркі, Юрася Бушлякова, які заўчасна адышоў, ды іншых, якія цікавіліся тэмай фэмінізацыі мовы.

«Наш першы гендэрны лінгвіст Паўленка напісаў манаграфію, прысьвечаную фэмінітывам. Прычым ні разу не ўжывае словаў „фэмінізм“ і „гендэр“», — кажа дасьледчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» ў 5 тамах ігнаруе слова «фэмінізм». У апошнім аднатомным выданьні «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы» яго таксама няма. Але гэта не азначае, што фэмінітывы не ўжываліся ў беларускай літаратуры.

«Калі прааналізаваць беларускую літаратуру ХІХ—ХХ стагодзьдзя, творы Цёткі, Гарэцкага, Зарэцкага — мы ўбачым, што яны не ўжывалі панятак „фэмінізм“, „фэмінісцкі падыход“, але яны выступалі актыўна за эгалітэзацыю, за роўнасьць.

Тут ёсьць і наша асаблівасьць — мы баімся ўсіх гэтых „ізмаў“. У Беларусі ніводнай фэмінісцкай партыі ці руху не было — толькі жаночыя арганізацыі, а потым адразу гендэрныя цэнтры зьявіліся. Мы пераскочылі гэтую фазу», — так тлумачыць адсутнасьць панятку «фэмінізм» у беларускіх слоўніках спадар Іваноў-Гарбацкі.

Ён назваў і прычыны: моцны савецкі, а цяпер — расейскі ўплыў, а таксама мясцовы кансэрватызм. Так, газэта «Звязда» ў 1960–70-я гады пісала пра жанчыну толькі «загадчыца», а цяпер «загадчык аддзелу» — пад уплывам расейскай мовы.

Фобіі праціўнікаў: аднагучча, немілагучнасьць, насьмешлівасьць, зьневажальнасьць

Фэмінізацыя мовы можа выклікаць пэўныя нязручнасьці, нязвыкласьці, няўпэўненасьць, блытаніну. Лінгвісты кажуць пра магчымыя праблемы з аднагуччам, немілагучнасьцю, насьмешлівасьцю, зьневажальнасьцю.

Так, некаторыя жаночыя формы з канчаткам -ка могуць прыўносіць пэўную блытаніну ў мову. Напрыклад, словы «друкарка», «вадалазка», «ананімка», «грабарка». Але пытаньне аднагучча заўсёды вырашаецца разуменьнем кантэксту, з кантэксту заўсёды відаць, пра каго ці пра што размова, перакананы дасьледчык Гарбацкі.

«Даводзіцца чуць, што фэмінітывы непрыгожа гучаць, рэжуць вуха, асабліва новыя: канцлерка, акадэміня, стратэгіня, палітыкеса ці палітыкіня. У мове ж і без фэмінізмаў хапае немілагучнасьці — англіцызмы, шматлікія барбарызмы і ксэнізмы — стартап, плэй-оф, кейтэрынг, тролінг і гэтак далей», — кажа Ўладзіслаў Гарбацкі.

Дасьледчык прыводзіць яшчэ адзін аргумэнт крытыкаў фэмінізацыі мовы: маўляў, жаночыя формы абясцэньваюць пасаду. «Акадэмік» гучыць салідней за «акадэміню», «генэральны сакратар» — сур’ёзьней за «генэральную сакратарку».

Нават у акадэмічным «Руска-беларускім слоўніку», выдадзеным у 2002 годзе, «прэзыдэнтка» падаецца як «жартаўлівае слова».

Для кагосьці слова «паэтка» гучыць як абраза, а Цётка, Ларыса Геніюш называлі сябе толькі «паэтка».

У слоўніку Гарбацкага — больш за 3 тысячы фэмінітываў

У шматтомным «Гістарычным слоўніку беларускай мовы» (дзе прыводзяцца старабеларускія словы пачынаючы з XIV стагодзьдзя) зафіксаваныя 124 фэмінітывы-агентывы, якія апісвалі прафэсіі жанчын. А ў ХХІ стагодзьдзі Ўладзіслаў Гарбацкі ўключыў у свой слоўнік больш за 3 тысячы фэмінітываў.

Калі ў прыватнай сфэры дасьледчык можа дазваляць сабе эмацыйнасьць і валюнтарызм, то ў слоўнік ён уключыў толькі словы, якія былі ўжытыя «іншымі аўтарамі, аўтаркамі, пісьменьнікамі, пісьменьніцамі».

Ёсьць словы-аказіяналізмы, якія актыўна ўжываюцца ў віртуальнай прасторы, таксама ў слоўніку шмат дыяспарызмаў (да прыкладу, Натальля Арсеньева любіла такія словы, як «выканаўчыня», «аўтарыня»).

«Ня трэба лічыць, што калі мы слоўнік выдалі — роўнасьць дасягнута. Трэба мяняць глябальныя, фундамэнтальныя стратэгіі», — перакананы аўтар «Гіду па фэмінізацыі беларускай мовы» Ўладзіслаў Гарбацкі.

Нырчыха і нырчыца, жывапіска і жывапісіца, вальнадуміца і вальнадумка, пэдагогіца і пэдагагіня

Аўтар слоўніка вызначае 10 варыянтаў утварэньня фэмінітываў у беларускай мове.

Большасьць назваў людзей па прафэсіі ці родзе заняткаў у жаночым родзе фармуецца з дапамогай суфіксу -к-а: аптэкарка, бухгальтарка, дацэнтка, прэзыдэнтка, сьвятарка.

Назоўнікі ўтвараюцца з дапамогай суфіксу -ух-а: бягуха, рагатуха, скакуха.

Магчыма ствараць фэмінітыў з дапамогай суфіксу -іц-а: караліца, царыца, геалягіца, сыноптыца, філялягіца.

А вось варыянт з суфіксам -эс-а, -ес-а — даволі рэдкі: баранэса (баронка), паэтэса (паэтка), крытыкеса (крытыца).

У слоўніку, дарэчы, шмат варыянтаў, а таксама нязвыклых формаў: дактарыца, дакторка (ёсьць, праўда, і доктарка); майстрыца, майстроўня, майстрыня, майстрыха; караліца, каралева, каралевая.

Паводле аўтара, слоўнік не прэтэндуе на паўнату — укладаньне поўнага сьпісу фэмінітываў-агентываў беларускай мовы толькі пачынаецца.

«Гэта зьмяніла маю чалавечую сутнасьць». Як адна зь першых беларускіх фэміністак радыкальна зьмяніла жыцьцё

«Фэмінізм спрыяе каханьню і сэксу». Бахарэвіч, Братачкін і Карпіцкі разбураюць міты

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG