Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антончык: «Тры фатальныя памылкі беларускіх прадпрымальнікаў»


Сяргей Антончык, архіўнае фота
Сяргей Антончык, архіўнае фота

У перадачы «Інтэрвію тыдня» былы дэпутат Вярхоўнага Савету, былы лідэр рабочага руху Сяргей Антончык разважае пра прынцыповыя памылкі індывідуальных прадпрымальнікаў, адказвае на пытаньне, чаму ў Беларусі не ўтварылася сярэдняя кляса, і ўзгадвае рабочыя пратэсты красавіка 1991 году. Зь Сяргеем Антончыкам гутарыў Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Адна з галоўных тэмаў у грамадзкім жыцьці Беларусі цяпер — пратэсты індывідуальных прадпрымальнікаў. Абмяркоўваецца той факт, што ІП адмаўляюцца ад актыўных, радыкальных спосабаў барацьбы і нават адхіляюць дапамогу ад апазыцыйных палітыкаў. Ці правільна яны робяць, на вашу думку?

«Прадпрымальнікі прымаюць правілы гульні, навязаныя ім уладай»

Антончык: Гэта няслушны стыль паводзінаў. Прадпрымальнікі робяць фатальныя і небясьпечныя памылкі. Напрыклад, большасьць зь іх лічаць, што ўсе хібы беларускай эканамічнай мадэлі ідуць ад некампэтэнтнасьці беларускай улады. Але на самой справе беларускі рэжым дзейнічае ў інтарэсах расейскіх алігархічных групаў і праўладных бізнэсоўцаў.

Другая памылка. Тыя правілы гульні, якія дзейнічаюць на беларускім эканамічным полі — рэкет, выманьні, паборы, судовае свавольства — прадпрымальнікі лічаць, што гэта і ёсьць абавязковыя правілы, уласьцівыя любому бізнэсу. Але на самой справе ўлады Беларусі прышчапілі чужыя нашаму мэнталітэту мэтады з арсэналу расейскай мадэлі бандыцкага капіталізму.

Трэцяя памылка тычыцца кіраўніцтва прадпрымальніцкіх структураў. Усе сілы пратэсту накіроўваюцца не на барацьбу за свае канстытуцыйныя правы, а на адмену розных падзаконных актаў. Такім чынам, яны прымаюць правілы гульні, навязаныя ім уладай. А ўлады, у сваю чаргу, абклаўшы прадпрымальнікаў рознымі прававымі абмежаваньнямі, выціснулі гэтую вялікую эканамічную групу ў своеасаблівую палітычную і эканамічную рэзэрвацыю.

Цыганкоў: Але прадпрымальнікам раней удавалася «адбіцца» ад розных новаўвядзеньняў — яны мяркуюць, што і зараз удасца. Яны не ўспрымаюць сытуацыю так, што ўлада змагаецца за зьнішчэньне іх як цэлай сацыяльнай групы.

Антончык: Раней на нашых прадпрымальніках адбівалася высокая пакупніцкая здольнасьць насельніцтва, усе гэтыя прыбыткі ад расейскай таннай нафты. Нешта і ім перападала з панскага стала. Але цяпер гэтага ўжо няма і ня будзе. Таму яны і разгубіліся. Калі яны зноў пачнуць змагацца за нейкія дробныя рэчы, то ў іх нічога ня выйдзе.

«Людзі разьяднаныя, цалкам адсутнічае сацыяльная салідарнасьць»

Цыганкоў: Апошні год, пакуль у Беларусі нарастаў эканамічны крызіс, моцна пагоршылася сытуацыя на прадпрыемствах, скарачаюцца супрацоўнікі, зьніжаецца заробак. Але зусім не чуваць, каб пратэставалі рабочыя. Вы як былы лідэр рабочага руху як лічыце — ці магчымыя сёньня масавыя пратэсты рабочых?

Антончык: Як кажуць, ніколі не кажы «ніколі». Але я схіляюся да таго, што такіх магутных пратэстаў, якія былі ў 1991 годзе, ужо ня будзе. Бо тая сацыяльная база, якая была для такога выбуху, даўно зьнікла. Скарачэньні і зьніжэньне заробку пакуль ніяк не спрыяюць сацыяльнаму выбуху. Людзі разьяднаныя, людзі не адчуваюць нейкай еднасьці, цалкам адсутнічае сацыяльная салідарнасьць. Плюс геапалітычная сытуацыя не спрыяе масавым пратэстам — я маю на ўвазе ўкраінскія падзеі.

«Калі яны разважаюць пра будучыню, то кажуць — „трэба адсюль валіць“».

Цыганкоў: На пачатку 90-х здавалася, што найлепшым рухавіком пераменаў стане сярэдняя кляса, прадпрымальнікі бачыліся тут нават нейкім авангардам. Чаму яны так хутка адключыліся ад палітыкі?

Антончык: Мы павінны разумець. што ўсталяваньне сярэдняй клясы — гэта вельмі доўгі працэс, не такі хуткі, як нам бачылася. На Захадзе ён фармаваўся стагодзьдзямі ва ўмовах, калі ўсе былі роўныя перад законам, калі прыватная ўласнасьць была непахісная. Тады зьяўлялася воля да змаганьня за свае правы, патрыятызм да сваёй краіны і гэтак далей.

Наша сярэдняя кляса — гэта людзі, якія выйшлі з савецкага шыняля

Калі казаць пра нас, то наша сярэдняя кляса — гэта людзі, якія выйшлі з савецкага шыняля. Савецкая інтэлігенцыя, якая пайшла ў бізнэс і якая часам ня верыла ані ў свабоды, ані ў правы. Цяпер беларускія прадпрымальнікі баяцца, як і ўсе іншыя, яны схільныя да кампрамісу. А калі яны разважаюць пра будучыню, то кажуць — «трэба адсюль валіць». Бо волі да змаганьня ў іх няма, калі не атрымліваецца — то можна апусьціць рукі, ці «схавацца ў бульбу», ці выехаць. Улада ўсё зрабіла, каб чыньнік утварэньня сярэдняй клясы быў разбураны.

Цяперашнія кіраўнікі руху прадпрымальнікаў павінны зразумець, што калі яны зноў будуць змагацца ў рамках гэтай рэзэрвацыі, куды іх штучна выкінула ўлада, — то нічога не атрымаецца. Калі яны выйдуць за гэтыя рамкі, калі будуць ставіць агульнанацыянальныя пытаньні — толькі тады нешта адбудзецца.

Што б я мог параіць ім як чалавек, які мае вялікі досьвед мітынгаў, шэсьцяў і страйкаў? Трэба зразумець, што краіна належыць нам, а не чыноўнікам, што Беларусі трэба іншая ўлада. Мы павінны выбраць шлях у Эўропу. Калі ў нас гэтага ня будзе, калі ня будзе беларускага погляду на гісторыю і на цяперашнюю сытуацыю, беларускага інтарэсу — то ўсе гэтыя пратэсты проста ня будуць змаганьнем за сваю беларускую будучыню.

Цыганкоў: Сёлета мы адзначаем 25-годзьдзе масавых акцыяў беларускіх рабочых у красавіку 1991 году. Дасюль ідуць спрэчкі пра ацэнку гэтых падзеяў. Ці гэта быў чыста эканамічны пратэст, ці тут супалі розныя чыньнікі і людзей на вуліцы вывела жаданьне «людзьмі звацца»?

Антончык: Глыбока перакананы, што гэта быў пратэст не эканамічны, а якраз дзеля таго, каб людзьмі звацца. Так, пачаўся ён чыста з эканамічных пытаньняў, але ўнутры бурліла шмат чаго, і на 5–6 дзень адбыўся палітычны ўсплёск. Гэта быў палітычны рух. І вынік яго — тое, што камуністычная партыя была разбураная і ніколі не паднялася — у адрозьненьне ад Украіны і Расеі. Беларускія рабочыя ўбілі цьвік у труну расейскай імпэрыі, што далей прывяло да стварэньня незалежнай Беларусі.

Я памятаю, як на пяты-шосты дзень ніхто з рабочых ужо ня ставіў пытаньні пра гэтыя талёны на абед ці цэны. Усе патрабавалі адстаўкі ўраду, дэпартызацыі і гэтак далей. Іншая справа, чаму тады Беларусь не зрабіла рыўком тое, што мусіла. Але гэта ўжо пытаньне да палітычных элітаў, іхняга выбару. Таму гэтыя ўрокі вельмі важныя, каб іх правільна асэнсаваць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG