Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэцыя адмовіла лідэру «ГейБеларусі» Сергею Андросенку ў палітычным прытулку


Сяргей Андросенка, архіўнае фота
Сяргей Андросенка, архіўнае фота

Пра гэта паведамляе праваабарончы праект «ГейБеларусь».

Старшыня праваабарончага праекта «ГейБеларусь» і арганізатар Менскага гей-прайда Сяргей Андросенка зьехаў зь Беларусі ў чэрвені 2013 году пасьля перасьледу з боку міліцыі.

Некаторы час ЛГБТ-актывіст жыў у Малдове, Сэрбіі, Польшчы і Літве.

«Калі стала зразумела, што сытуацыя для вяртаньня актывіста не палепшылася і рызыка перасьледу застаецца, Сяргей Андросенка разам са сваім партнэрам вырашылі папрасіць палітычны прытулак у Швэцыі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Міграцыйныя ўлады Швэцыі ў сваёй адмове аб палітычным прытулку прызналі, што Андросенка зьяўляецца вядомым беларускім ЛГБТ-праваабаронцам, які неаднаразова станавіўся ахвярай перасьледу, дыскрымінацыі, псыхалягічнага ціску і фізычнага гвалту. Тым ня менш, яму было вырашана адмовіць у палітычным прытулку.

Міграцыйныя ўлады Швэцыі палічылі, што Сяргей Андросенка пры несправядлівым і негуманным звароце на радзіме зможа самастойна абараніць свае правы ў беларускіх судах, міліцыі і пракуратуры.

«Апэляцыйны Міграцыйны суд Швэцыі нават не прыняў да разгляду заяву беларускага актывіста. Не дапамаглі яму і лісты падтрымкі ад шэрагу няўрадавых і праваабарончых арганізацый, уключаючы вядомую швэцкую арганізацыю Civil Rights Defenders.

Рашэньне Апэляцыйнага Міграцыйнага суда Швэцыі не разглядаць справу лідэра „ГейБеларусі“ прыпала якраз на пэрыяд пацяпленьня швэдзка-беларускіх адносін і прызначэньне новым паслом Швэцыі ў Беларусі сп. Мартына Обэрга», — адзначаецца ў прэс-рэлізе.

Паводле «ГейБеларусь», са студзеня па чэрвень 2013 году на допыты ў міліцыю было выклікана каля сотні беларускіх ЛГБТ-актывістаў, супрацоўнікаў забаўляльных ЛГБТ-устаноў і арганізацый, якія працуюць з ЛГБТ. Многа пытаньняў было пра крыніцы фінансаваньня «ГейБеларусі» і асобу лідэра незарэгістраванай арганізацыі Сяргея Андросенку. Міліцыя неаднаразова прыходзіла дахаты да Сяргея Андросенкі, а таксама да яго бацькоў, спрабавала пранікнуць у офіс арганізацыі. Цяпер арганізацыя засталася бяз офісу, а гаспадары кватэры, дзе жыў актывіст, пасьля тэлефанаваньня зь міліцыі выселілі яго.

У Андросенкі двойчы за паўгодзьдзе канфіскоўвалі пашпарт агульным тэрмінам на тры месяцы. Аднойчы з пашпартнага стала яго забралі ў ваенкамат, мяркуючы, што ён ухіляецца ад вайсковай службы. Пры перасячэньні беларускай мяжы, акрамя поўных асабістых надглядаў у актывіста праглядалі ноўтбук. Калі Сяргей Андросенка разам са сваім партнэрам паспрабавалі на пэўны час зьехаць у Берасьце, ужо назаўтра ў кватэру прыйшла міліцыя, каб перапісаць пашпартныя дадзеныя ўсіх, хто у ёй знаходзіўся.

Вядомы менскі гей-клюб «6_А», у якім доўгі час працаваў Андросенка, напярэдадні свайго 10-годзьдзя быў зачынены. Калі актывіст таемна выехаў зь Беларусі, ягоных калег яшчэ цягам году працягвалі выклікаць у міліцыю ў якасьці сьведак. Таксама гэты пэрыяд адзначыўся шматлікімі міліцэйскімі аблавамі на ЛГБТ-вечарыны ў Менску і Віцебску, паведамляе «ГейБеларусь».

Апошнія паўтара году Андросенка жыве ў Стакгольме, зьяўляецца сябрам рады і сакратаром па Ўсходняй Эўропе у ЛГБТ-таварыстве дзеячаў культуры краін Паўночнай Эўропы TUPILAK, а таксама актывістам арганізацыі «Беларусы Швэцыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG