Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна пачала будаваць сховішча радыеактыўных адходаў у 15 км ад мяжы Беларусі


Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне 9 лістапада прайшла цырымонія пачатку будаўніцтва сховішча адпрацаванага ядзернага паліва ў Чарнобыльскай зоне адчужэньня на Кіеўшчыне.

Сховішча збудуюць на забруджанай пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыі між сёламі Старая Красьніца, Буракаўка, Чыстагалоўка і Стэчанка. Ад Буракаўкі да беларускай мяжы крыху больш за 7 км, ад сховішча будзе каля 15 км.

Сховішча стане часткай адзінага комплексу з ЧАЭС. У цэнтры, што плянуюць збудаваць да 2020 году, будуць захоўваць адпрацаваныя паліўныя стрыжні з АЭС у Роўна, Хмяльніцкім і Южнаўкраінску.

Паводле віцэ-прэм’ера Ўкраіны Ўладзіміра Кістыёна, да будаўніцтва сховішча краіна ішла 10 год. Ён кажа, у 1990-х гадах Расея адмаўлялася прымаць адпрацаванае ядзернае паліва з Украіны, таму ўкраінскія АЭС ледзь не спынілі працу — а яны даюць каля 60% электраэнэргіі ў краіне.

Уладзімір Кістыён, архіўнае фота
Уладзімір Кістыён, архіўнае фота

«На сёньняшні дзень у эканоміцы Украіны будаўніцтва Цэнтралізаванага сховішча адпрацаванага ядзернага паліва разам з праектам дывэрсыфікацыі сьвежага ядзернага паліва ёсьць адным з фарпостаў так званай гібрыднай вайны, — казаў Кістыён. — Бо ў нашага ўсходняга суседа заўсёды прысутнічала думка пра тое, што ядзерная энэргетыка гэта адзін з самых трывалых ланцугоў, якой Украіна назаўжды прыкаваная да расейскіх тэхналёгіяў і паставак паліва».

Як перадае УНІАН, амбасадарка ЗША Мары Ёванавіч, якая прысутнічала на цырымоніі, назвала сховішча «стратэгічнай будучыняй Украіны», што дазволіць ня толькі зьнізіць залежнасьць ад Расеі, але і зэканоміць мільярды даляраў. Будаўніцтва сховішча будзе адбывацца паводле амэрыканскіх тэхналёгіяў і стандартаў.

Беларускі бок пакуль ніяк не рэагаваў на пачатак будаўніцтва сховішча пад беларускімі межамі. Але днём раней намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі распавёў, што будзе зь ядзернымі адыходамі ад Беларускай АЭС: прадугледжаная норма аб адпраўцы адпрацаванага ядзернага паліва зь Беларускай АЭС у Расею, «дакумэнты ўжо ў стадыі распрацоўкі», могільнік радыеактыўных адходаў у Беларусі збудуюць толькі к 2030 году.

«Добрых пунктаў захаваньня радыеактыўных адходаў нідзе не існуе. А кепскія існуюць», — расейскі экспэрт

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG