Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі «Сбербанк» купіў гатэль каля цырку ў Менску


Кампанія «Сбербанк — Капитал» (уваходзіць у расейскую групу «Сбербанк») днямі закрыла зьдзелку па куплі кампаніі «Эліт Эстэйт», якая зьяўляецца заказчыкам будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу з элітным недабудаваным гатэлем у цэнтры Менску.

«Асноўныя дакумэнты па гэтай зьдзелцы былі падпісаныя 29–30 чэрвеня, а апошнія фармальнасьці былі завершаныя 5 ліпеня», — сказаў БелаПАН суразмоўца, знаёмы з умовамі заключанай зьдзелкі.

Пытаньне пра аднаўленьне будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу плянуецца вырашыць бліжэйшым часам.

«Паколькі будынак закансэрваваны, трэба будзе правесьці яго аўдыт, арганізаваць неабходныя тэндэры, каб ажыцьцявіць неабходныя закупы матэрыялаў і аднавіць будаўніцтва як мага хутчэй — магчыма, да канца году», — сказаў суразмоўца.

Паводле інфармацыі БелаПАН, для таго каб стаць уласьнікам шматфункцыянальнага комплексу, «Сбербанк» пагасіў праблемную запазычанасьць — 50 мільёнаў даляраў — перад камэрцыйнымі банкамі, якія раней фінансавалі будоўлю элітнага гатэля.

Чакалася, што гатэль будзе ўведзены ў эксплюатацыю да чэмпіянату сьвету па хакеі ў траўні 2014 году. Пачатковы тэрмін заканчэньня будаўніцтва — 31 сьнежня 2013 году — быў перанесены на 1 траўня 2014 году, а потым на 31 сьнежня 2015 году. Заказчыкам будаўніцтва выступала СТАА «Эліт Эстэйт» (заснавальнікі — беларускі «Трайпл» і маскоўская фірма «Сіці Эстэйт»). Каб збудаваць гатэль, зьнесьлі помнік архітэктуры, які стаяў на гэтым месцы — першую беларускую электрастанцыю, пабудаваную ў ХІХ стагодзьдзі.

Аднак будоўля была замарожаная, а там і зусім спынілася.

У жніўні 2015 году Аляксандар Лукашэнка сказаў журналістам, што мае намер «самым жорсткім чынам падхвоснуць» завяршэньне будаўніцтва комплексу (пра які напачатку меркавалася, што ён будзе працаваць пад маркай сеткі гатэляў «Кемпінскі»). У ліпені 2016 году Лукашэнка сваім указам распарадзіўся завяршыць будаўніцтва да канца 2018 году.

Пытаньне аднаўленьня будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу каля Белдзяржцырку абмяркоўваўся 12 студзеня 2017 году ў час сустрэчы старшыні праўленьня расейскага «Сбербанка» Германа Грэфа з Аляксандрам Лукашэнкам.

Па выніках перамоў Грэф сказаў журналістам, што «Сбербанк» укладзе ў Беларусі больш за 100 мільёнаў даляраў у абʼекты нерухомасьці, у тым ліку плянуе прафінансаваць недабудаваны комплекс каля Белдзяржцырку. Пры гэтым Грэф адзначыў, што банк плянуе прадаць тыя абʼекты, будаўніцтва якіх будзе фінансаваць.

Падчас чарговай сустрэчы з Грэфам 13 чэрвеня ў Менску Лукашэнка прапанаваў «Сбербанку» пашыраць поле дзейнасьці на беларускім рынку.

—————

«Сбербанк» — найбуйнейшы банк Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Геаграфія яго прысутнасьці — 22 краіны, а колькасьць кліентаў за межамі Расеі дасягнула 10 мільёнаў. Доля міжнароднага бізнэсу складае 14% сукупных актываў. У 2009 годзе расейскі «Сбербанк» падпісаў з урадам Беларусі дамову аб куплі «БПС-Банку» за 280,8 мільёна даляраў. У кастрычніку 2011 году банк перайменаваны ў ААТ «БПС-Сбербанк». 98,4% яго статутнага капіталу належыць расейскаму «Сбербанку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG