Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шарамет, якім мы яго памятаем


28 лістапада Паўлу Шарамету споўнілася б 45 гадоў. Сваякі, сябры і калегі сабраліся ў Менску, каб успомніць беларускага журналіста, які быў забіты ў Кіеве 20 ліпеня. Вечар памяці арганізавала Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Людміла Шарамет, маці

«Я глядзела яго, слухала штодзень, штораніцы, і думала: які прыгожы, сьпелы і які малады чалавек... Як цікава ён працуе, якія магчымасьці ў яго наперадзе. Хтосьці гэтаксама падумаў і напалохаўся гэтага. Яго ня стала.

Як маці хачу пажадаць: беражыце сваё жыцьцё».

Андрэй Бастунец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў

«Павал пасьпеў папрацаваць у Беларусі, Расеі, ва Ўкраіне. І паўсюль здабываў посьпех, аўтарытэт і павагу ад калегаў.

Як можна было так шмат зрабіць за 45 гадоў? Гэта цяжка зразумець. Але ён зрабіў, і ўсё гэта застаецца з намі.

А значыць, і Павал застаецца з намі».

Сьвятлана Калінкіна, журналістка

«Мяне заўжды зьдзіўляла ўменьне Паўла вельмі хутка перастройвацца, быць у любой сытуацыі аптымістам. Ён у адзін момант з тэлевізійнага журналіста стаў газэтным. І вельмі добрым, хоць у тэорыі кажуць, што так не бывае. Пасьля пакінуў газэту, сышоў на тэлебачаньне, на сайт, у выдавецкую дзейнасьць, у выкладаньне. Гэта пацьверджаньне таго, што калі чалавек разумее, для чаго ён у прафэсіі, ён заўжды знойдзе магчымасьць сябе рэалізаваць.

У яго была тысячапрацэнтная прафпрыдатнасьць да журналістыкі. Прафпрыдатнасьць — гэта цікавасьць да людзей. Не да сябе, а менавіта да людзей.

Ён шмат чаго не распавядаў у інтэрвію. А цяпер гэта можна казаць. Павал дапамагаў дзіцячым дамам, прывозіў туды лекі, адзеньне. Перавёз тоны апазыцыйнай літаратуры, кніг, якія забароненыя тут (у Беларусі). Дапамагаў беларускім журналістам у Маскве, ва Ўкраіне.

Усё, што адбылося, — доказ таго, што мы чагосьці не разумеем у сьветабудове. Так не павінна быць. Людзі, яркія, адкрытыя, не павінны так рана сыходзіць».

Леанід Міндлін, журналіст, рэжысэр фільму «Ашмянская справа»

Леанід Міндлін
Леанід Міндлін

«Пасьля выбараў (1994-га) Паўла плянавалі зрабіць тэлевізійным тварам улады. Група Паўла паехала ў Будапэшт на саміт АБСЭ, дзе былі Клінтан, Коль, Мітэран, Ельцын. Паслалі групу не афіцыйнай агенцыі, а групу маленькай прыватнай тэлекампаніі (на пачатку 90-х Павал Шарамет быў аўтарам і вядучым тэлепраграмы „Праспэкт“, якую рабіла тэлекампанія ФіТ). Гэта быў недвухсэнсоўны намёк Паўлу. Але ён зрабіў выбар на карысьць журналістыкі, а не прапаганды».

Жанна Літвіна, журналістка, экс-старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў

Жанна Літвіна
Жанна Літвіна

«Ва ўспамінах калегаў ёсьць выказваньне: „Павал быў чалавекам, які сьвята верыў, што зьмяніць сусьвет можа праўда“. Нам таксама як ніколі патрэбная праўда. Пра тых замоўцаў, аўтараў зьдзяйсьненьня гэтага нахабнага пакараньня. Ня толькі для Паўла, але і ўсёй журналістыкі.

Калі мы любім Паўла, пошук гэтай праўды павінен быць справай гонару кожнага з нас».

Яўген Кісялёў, расейскі журналіст, які жыве і працуе ва Ўкраіне

«Павал мяне ўразіў аднойчы. Ён раптам стаў казаць, як яму няёмка, сорамна і ён выбачаецца за тое, то калісьці, калі працаваў у праграме „Время“, несправядліва гаварыў на адрас кампаніі НТВ і, магчыма, асабіста на мой адрас.

Мне ўсё з тым эпізодам было зразумела, я пра яго забыў, шмат чаго памянялася... Павал зблізіўся з Барысам Нямцовым, напісаў пра яго кнігу, я для яе даў інтэрвію. Але калі ён стаў каяцца перада мною, выбачацца, распавядаць, як ён перажываў... Я разумею, што гэтая размова была вельмі важная, каб сумленьне яго было чыстае.

На мяне гэта зрабіла наймацнейшае ўражаньне. Я для сябе вырашыў: калі б усе людзі былі такія ж сумленныя, як Павал, як бы добра мы ўсе жылі. І калі хоць на аднаго такога чалавека ў жыцьці робіцца меней, то ў нашым жыцьці таксама нешта мяняецца».

Аляксандар Фядута, публіцыст, палітоляг

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

Пра апошнюю сустрэчу з Паўлам у Кіеве:

«Мы сядзелі, і ён распавядаў пра тое, якое на смак шчасьце. І калі ўсё скончылася, яны пайшлі проста гуляць... ішоў чалавек, які хацеў жыць, любіў жыцьцё і расказваў пра кожны дом, які трапляўся на шляху... і пра тое, якое на смак жыцьцё... У нас зьнікае смак да жыцьця... можа, таму, што вакол нас зашмат сьмерцяў, і нам усё часьцей даводзіцца згадваць тых, каго з намі няма.

Калі ласка, жывіце доўга».

Андрэй Кулікоў, украінскі журналіст, аўтар апошняга інтэрвію з Паўлам Шараметам

«Павал быў чалавекам учынку, і неспадзяванага ўчынку».

Айдар Муждабаеў, расейскі журналіст, які пераехаў ва Ўкраіну ў 2015 годзе, намесьнік генэральнага дырэктара першага крымскататарскага тэлеканалу «ATR»

«Зь ім было цікава, весела, але ён сурʼёзны быў мужык. Часта гаварыў пра Беларусь. Слухаў, як я гавару пра крымскіх татар, вельмі спачуваў нашаму народу, быў уважлівы, і не для праформы. Калі распавядаў пра Беларусь, мне гэта таксама было цікава, таму што Беларусь у пэўным сэнсе таксама народ у выгнаньні — у выгнаньні са свабоды, з той Беларусі, у якой многія беларусы хацелі б жыць. Ён перажываў за сваю радзіму.

Але мы заўжды камунікавалі лёгка. Па вялікім рахунку, ён быў вясёлы чалавек».

Сьвятлана Завадзкая, жонка зьніклага відэаапэратара Зьмітра Завадзкага, калегі Паўла Шарамета

Сьвятлана Завадзкая
Сьвятлана Завадзкая

«Я ўдзячная, што ён успрыняў нашу трагедыю як сваю асабістую. Дзяліўся тым, як праводзіць сваё расьсьледаваньне. Дзякуючы ягонай настойлівасьці мы наўпрост можам цяпер казаць пра тых асобаў, якія датычныя да выкраданьня Дзьмітрыя і іншых палітыкаў».

Сьвятлана згадала, што калі ішоў суд па бандзе Ігнатовіча, якога афіцыйнае расьсьледаваньне прызнала арганізатарам выкраданьня, Шарамет здымаў свой фільм «Дзікае паляваньне».

«Яму былі трэба кадры з залі суду. Ён прыехаў, дае мне жаночую торбу і кажа: «Ты павінна зайсьці ў залю суду з гэтай торбай». Я адказваю: «Нямодная торба». Ён кажа: «Ну, прабач, дарагая, я ў модзе не разьбіраюся, але там камэра».

Так Сьвятлана двойчы праносіла жаночую торбу з камэрай у залю суду.

Першы пробны сымбаль прэміі імя Зьмітра Завадзкага «За мужнасьць і прафэсіяналізм», якую заснавалі ў 2001 годзе з ініцыятывы Паўла Шарамета, не спадабаўся ані Сьвятлане, ані Паўлу. Сьвятлана кажа, што ён быў выкананы на манер статуэткі «Оскара», у якой скульптар спрабаваў паўтарыць фігуру Зьмітра Завадзкага. І Сьвятлане, і Паўлу прыйшла ў галаву толькі адна асацыяцыя: са знакамітай лялькай Кенам, сябрам лялькі Барбі. Затое другі варыянт выявы — шкляны абʼектыў з вокам апэратара — упадабалі абое. За ўвесь час прэмію атрымалі некалькі дзясяткаў журналістаў.

«Павал быў чалавек зь вялікай літары. Сам па сабе вялізны і такі ж вялізны душой».

Вольга Корсун, журналістка сайта «Беларускі партызан», які ў 2005 годзе заснаваў і пазьней рэдагаваў Павал Шарамет

Вольга Корсун
Вольга Корсун

«Павал навучыў мяне любіць журналістыку, а не сябе ў журналістыцы. Зразумець, што гэта тая справа, якой я хачу займацца. Навучыў мяне не баяцца і працаваць паводле прынцыпу: «Рабі што павінен, і будзь што будзе».

Ён прасіў мяне размаўляць зь ім толькі па-беларуску. Часам спрабаваў адказваць. У шматлікіх сытуацыях праяўляў сябе як сапраўдны патрыёт Беларусі.

За дзень да сваёй сьмерці ён сказаў: «Усё будзе добра».

Павал Шарамет нарадзіўся 28 лістапада 1971 году ў Менску. Скончыў тры курсы гістфаку БДУ. Затым паступіў на факультэт міжнародных адносін Беларускага эканамічнага ўнівэрсытэту. Дыплёмная праца — афшорны бізнэс.

У 1994–1995 гадох быў аўтарам і вядучым штотыднёвай аналітычнай праграмы «Праспэкт» на Беларускім тэлебачаньні. Атрымаў у 1995 годзе прэмію Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча як найлепшы тэлежурналіст Беларусі.

З жніўня 1995 да жніўня 1996 году — галоўны рэдактар «Белорусской деловой газеты».

Сьпявае Ўладзімер Пугач
Сьпявае Ўладзімер Пугач

Зь верасьня 1996 году — супрацоўнік тэлекампаніі ОРТ: кіраўнік беларускага бюро ОРТ, шэф-рэдактар аддзелу карэспандэнцкай сеткі ОРТ, намесьнік дырэктара Дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ. Зь ліпеня 1999 па сакавік 2000 году быў вядучым аналітычнай праграмы «Время» на ОРТ. Аўтар дакумэнтальных фільмаў «Чачэнскі дзёньнік», «Дзікае паляваньне», «1991 — Апошні год імпэрыі», «Апошняя вышыня генэрала Лебедзя», «Карэйскі капкан», «Споведзь ката», «СНІД. Сьмерць з адкрытай датай».

У 1998 годзе атрымаў прэмію Міжнароднага камітэту абароны журналістаў за ўнёсак у разьвіцьцё свабоды слова.

Намінант прэміі ТЭФІ Акадэміі расейскага тэлебачаньня як «найлепшы рэпартэр» 1999 году, фіналіст ТЭФІ-2001 у намінацыі «Журналісцкае расьсьледаваньне» за фільм «Дзікае паляваньне».

У 2002 годзе атрымаў прэмію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ «За журналістыку і дэмакратыю».

У 1998 годзе быў асуджаны беларускім судом на два гады ўмоўна за рэпартаж зь беларуска-літоўскай мяжы.

Быў заснавальнікам і каардынатарам папулярнага сайту «Беларускі партызан». У апошнія гады жыў у Кіеве, працаваў у інтэрнэт-выданьні «Українська правда», быў вядучым на радыё «Вести».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG