Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэхналёгія Samsung Pay запрацавала ў Беларусі, але ёсьць нюансы


©Shutterstock

Кампанія Samsung запусьціла сэрвіс, які дазваляе разьлічвацца з дапамогай смартфона ці гадзіньніка.

Як гэта працуе?

Samsung Pay дазваляе карыстацца тэлефонам замест плястыкавай банкаўскай карткі — трэба адкрыць адмысловую праграму, паднесьці тэлефон да тэрмінала і правесьці аплату. Сэрвіс працуе празь бескантактную тэхналёгію NFC (Near Field Communication).

Samsung Pay таксама працуе праз тэхналёгію MST (Magnetic Secure Transmission), якая дае ад тэлефона тэрміналу сыгнал, падобны да сыгналу ад карткі з магнітнай паласой. Падлучацца да інтэрнэту пры гэтым не патрэбна.

Што для гэтага неабходна?

На гэты момант сэрвіс Samsung Pay працуе толькі з карткамі Mastercard, выдадзеных «МТБанкам» ці «Белгазпрамбанкам». Абяцаюць, што неўзабаве гэтая тэхналёгія стане даступнай кліентам «БПС-Сбербанку».

Тэхналёгію падтрымліваюць тэлефоны кампаніі, выпушчаныя ў другой палове 2015 году і пазьней, а таксама гадзіньнікі Gear S3 classic, Gear S3 frontier, Samsung Gear Sport. Для таго, каб падключыць Samsung Pay, неабходна абнавіць апэрацыйную сыстэму да апошняй вэрсіі.

Якія абмежаваньні яшчэ ёсьць?

У Беларусі Samsung Pay працуе толькі на тэлефонах, якія афіцыйна прадаюцца на тэрыторыі Беларусі ці Расеі. Прывязаць беларускую картку для тэлефона, набытага ў Эўропе ці Амэрыцы, немагчыма. На такіх смартфонах сэрвіс будзе працаваць, толькі калі вы «прывяжаце» да яго картку той краіны, дзе вы набылі тэлефон.

Як падключыць Samsung Pay?

  1. Зайдзіце ў свой акаўнт Samsung. Калі яго няма, неабходна яго стварыць.
  2. Знайдзіце ў мэню значак Samsung Pay і націсьніце на яго.
  3. Націсьніце кнопку «Пачаць».
  4. Стварыце пароль, дадайце адбітак пальца ці раёк вока, каб пацьвярджаць пакупкі.
  5. Націсьніце на выяву карткі, каб дадаць яе ў сыстэму.
  6. Сфатаграфуйце картку ці ўвядзіце яе дадзеныя, націсьніце «Далей».
  7. Пацьвердзіце рэгістрацыю пры дапамозе SMS.
  8. Пры дапамозе пальца ці стылуса дадайце свой подпіс.
  9. Чакайце. Рэгістрацыя павінна завершыцца на працягу 10 хвілін.

Намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Беларусі Дзьмітры Калечыц заявіў на прэзэнтацыі Samsung Pay заявіў, што ў Беларусі існуе плян пераходу на ажыцьцяўленьне бескантактных плацяжоў. Паводле яго словаў Нацыянальны банк зацікаўлены ў разьвіцьці мабільных плацёжных сэрвісаў.

XS
SM
MD
LG