Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сайт «Міратворац» аднаўляе працу


Сайт «Міратворац», які на мінулым тыдні абвясьціў пра закрыцьцё, 19 траўня заявіў пра аднаўленьне сваёй працы. Пра гэта гаворыцца на галоўнай старонцы праекту.

«Для таго, каб эфэктыўна абараняцца, нам давялося прыпыніць працу сайту, але не сваю працу», — заяўляюць рэдактары «Міратворца».

Яны адзначылі, што «ў крытычны момант» у абарону «Міратворца» выступілі «добраахвотнікі, вайскоўцы ўзброеных сіл Украіны, Нацгвардыі і памежнікі, лепшыя супрацоўнікі СБУ і МУС, валянтэры, простыя людзі, патрыятычна і па-праўкраінску настроеныя журналісты».

«Менавіта дзякуючы вам калектыў канчаткова ўсьвядоміў, што „Міратворац“ патрэбен народу Ўкраіны і яго абаронцам», — сказана ў заяве.

13 траўня сайт «Міратворац», на якім публікаваліся дадзеныя пра данбаскіх і крымскіх сэпаратыстаў і замежных грамадзян, якія іх падтрымлівалі, абвясьціў пра закрыцьцё.

Сайт «Міратворац» адзначыў, што рашэньне аб закрыцьці было прынята па «патрабаваньні ўпаўнаважанага па правах чалавека Луткоўскай, а таксама вечна заклапочанага Эўразьвязу, а таксама па-антыўкраінску настроеных журналістаў Украіны на чале з намесьнікам міністра інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Паповай».

Гэтаму рашэньню папярэднічала рэзкая рэакцыя на публікацыю «Міратворцам» сьпісу ўкраінскіх і замежных журналістаў, якія ў свой час атрымлівалі так званую «акрэдытацыю» ў сэпаратысцкай узброенай групоўцы «ДНР». Акрамя таго, пракуратура Кіева пачала крымінальную вытворчасьць па артыкуле аб перашкодзе журналісцкай дзейнасьці праз гэтую публікацыю.

У прыватнасьці, скрытыкавала публікацыю гэтага сьпісу і патрабавала прыбраць яго намесьнік міністра інфармацыі Тацяна Папова. Паводле яе слоў, публікацыя сьпісу, у які ўваходзяць і многія заходнія журналісты, «шкодзіць інтарэсам Украіны». Пасьля Папова заявіла пра пагрозы, якія пачалі паступаць у яе адрас. Пазьней міністар інфармацыйнай палітыкі Украіны Юры Стэць папрасіў прабачэньня за заявы, якія па сытуацыі вакол сайта «Міратворац» рабіла яго намесьнік Тацяна Папова. Ён дадаў, што гэта асабістыя меркаваньні Паповай, а не пазыцыя міністэрства.

Прадстаўнік АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч выказала занепакоенасьць адносна бясьпекі ўкраінскіх і замежных журналістаў пасьля апублікаваньня іх пэрсанальных дадзеных у інфармацыі аб акрэдытацыі на тэрыторыі так званай «ДНР». Пра гэта гаворыцца ў заяве Міятавіч з нагоды апублікаваньня сайтам «Міратворац» пэрсанальнай інфармацыі больш за 4 тысяч супрацоўнікаў як украінскіх, так і сусьветных СМІ, уключаючы CNN, Agence France-Presse, Reuters, BBC, New York Times, Vice News і Al Jazeera.

У базе дадзеных ёсьць і беларусы — гэта фотакарэспандэнт Associated Press Сяргей Грыц і журналіст партала Tut.by Павал Дабравольскі.

Беларускія журналісты спакойна паставіліся да публікацыі сайтам «Міратворац» пэрсанальнай інфармацыі журналістаў, якія мелі акрэдытацыю ў «ДНР» і «ЛНР».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG