Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўшанавалі памяць амэрыканкі, якая памерла, выратаваўшы беларускіх дзяцей


Часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур ускладае кветкі да магілы Рут Уолер

Новыя кіраўніцы амбасады ЗША і прадстаўніцтва ААН ушанавалі памяць амэрыканкі Рут Уолер, якая пасьля вайны працавала ў місіі ААН у Менску, тут памерла і была пахаваная на Вайсковых могілках.

4 жніўня 1946 году ў Менску памерла амэрыканка Рут Уолер, якая працавала ў Адміністрацыі дапамогі і аднаўленьня Арганізацыі Аб’яднаных Нацый — UNRRА. Рут Уолер уратавала двух хлопчыкаў, якія танулі ў возеры каля рэзыдэнцыі UNRRА ў Лошыцы. А сама пасьля гэтага захварэла на постгрыпозны мэнінгіт. Яе лячылі найлепшыя мэдыкі Беларусі, але мэдыцына аказалася бясьсільнаю, і праз тыдзень Рут ня стала.

Часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур і новая кіраўніца прадстаўніцтва ААН Ёанна Казана-Вішнеўская 25 кастрычніка ўсклалі кветкі да магілы Рут Уолер.

Спадарыня Мур расказала, што даведалася пра гісторыю Рут, як толькі трапіла ў Менск.

Джэніфэр Мур
Джэніфэр Мур

«Больш за ўсё мяне ўразіла, што Рут прыехала ў Беларусь 25-гадовай, адразу пасьля вайны, каб дапамагчы адбудаваць гэтую краіну і зрабіць яе такой, якая яна сёньня. І аддала сваё жыцьцё, каб выратаваць беларусаў, якіх яна любіла. І, як і тады, Злучаныя Штаты па-ранейшаму вераць у Беларусь, вераць у яе будучыню і гатовыя быць побач, плячо да пляча — каб тварыць лепшую будучыню», — кажа часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур.

Сьмерць Рут Уолер мела важныя палітычныя наступствы — яна паспрыяла таму, што з СССР зьнялі «пэніцылінавае эмбарга». У пасьляваенным Менску першую лінію для вытворчасьці пэніцыліну пабудавалі праз год пасьля сьмерці Рут, у 1947 годзе, пры падтрымцы UNRRА. У першыя пасьляваенныя гады па лініі ААН Беларусі было выдзелена гуманітарнай дапамогі на суму звыш 60 мільёнаў даляраў.

Пастаянная каардынатарка ААН у Беларусі, прадстаўніца ПРААН Ёанна Казана-Вішнеўская падкрэсьліла, што хоць Рут Уолер была амэрыканскай грамадзянкай, але прыехала ў Менск менавіта ў межах місіі UNRRА.

«Дзяўчыне было ўсяго толькі 25 гадоў, але ёй кіравалі ідэалы міласэрнасьці, дапамогі тых, хто можа, тым, хто сур’ёзна пацярпеў падчас вайны. І я хачу падзякаваць усім, хто захоўвае гэтую памяць. Бо памяць пра такіх людзей, якія былі піянэрамі місіі ААН, — гэта найлепшы спосаб адзначэньня ўнёску і ролі ААН».

Ёанна Казана-Вішнеўская
Ёанна Казана-Вішнеўская

Ёанна Казана-Вішнеўская дадала, што шмат людзей у сьвеце паміраюць падчас гуманітарных місій, падчас канфліктаў. Сёньня праца ААН у Беларусі не патрабуе такіх ахвяраў, гэта мірная і квітнеючая краіна. Але пачатак працы місіі ААН быў больш складаны, і лёс Рут Уолер нагадвае пра цяжкі шлях, які прайшла ААН.

Часовая павераная ЗША Джэніфэр Мур, пастаянны каардынатар АНН у Беларусі Ёанна Казана-Вішнеўская, дырэкатр школы імя Рут Уолер Дзьмітры Бякцяшкін, прадстаўнік МЗС Аляксандар Апімах
Часовая павераная ЗША Джэніфэр Мур, пастаянны каардынатар АНН у Беларусі Ёанна Казана-Вішнеўская, дырэкатр школы імя Рут Уолер Дзьмітры Бякцяшкін, прадстаўнік МЗС Аляксандар Апімах

Кветкі да магілы Рут Уолер усклалі таксама дырэктар менскай сярэдняй школы № 130 імя Рут Уолер Дзьмітры Бякцяжкін, начальнік Упраўленьня глябальнай палітыкі і гуманітарнага супрацоўніцтва МЗС Беларусі Аляксандар Апімах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG