23 лістапада зьявіліся паведамленьні пра тое, што Расея плянуе запусьціць у космас спадарожнік, які будзе носьбітам ядзернай зброі — пад назвай «Спутник-S», — прычым гэта можа адбыцца «ў любы момант у найбліжэйшыя тыдні». Гэта адбываецца пасьля таго, як меркаваная зброя гадамі захоўвалася ў Маскоўскай вобласьці.
Крэмль апэратыўна абверг гэтыя сьцьвярджэньні на фоне ўсё большай заклапочанасьці ў сьвеце наконт мілітарызацыі космасу.
Томаш Надзь, старшы навуковы супрацоўнік GLOBSEC, славацкага аналітычнага цэнтру ў пытаньнях бясьпекі, сказаў Радыё Свабода, што пакуль няма неаспрэчных доказаў, што Расея распрацавала ядзерную зброю, якую можна выкарыстаць у космасе, але калі такая зброя будзе распрацавана, яна можа вывесьці з ладу шэраг спадарожнікаў, у тым ліку сыстэму Starlink.
«Гэта не абавязкова зьнішчыць кожны спадарожнік, але гэта будзе без разбору: заходнія, расейскія, кітайскія і іншыя касьмічныя караблі могуць пацярпець ад разбуральнай фізычнай сілы і радыяцыі», — сказаў ён.
Асноўны ўплыў ядзернага выбуху на вялікай вышыні адбываецца ад электрамагнітнага імпульсу (ЭМІ), які распаўсюджваецца ад ядзернага выбуху з хуткасьцю сьвятла, спальваючы электрычныя сыстэмы на сваім шляху. Наступнае выпраменьваньне на арбіце можа яшчэ больш пашкодзіць далікатныя кампанэнты спадарожнікаў.
Вікторыя Сэмсан, галоўны дырэктар у касьмічнай бясьпецы і стабільнасьці ў амэрыканскай некамэрцыйнай арганізацыі Secure World Foundation, сьцьвярджае, што ў выпадку ядзернага выбуху на вялікай вышыні значная колькасьць спадарожнікаў, якія знаходзяцца ў агляднай зоне выбуху, будзе пашкоджана або цалкам выведзена з ладу.
«Большасьць спадарожнікаў не абаронены ад ядзернага выпраменьваньня, таму, напрыклад, калі вы атрымліваеце інтэрнэт праз Starlink, гэта, верагодна, ужо ня будзе працаваць у такіх абставінах», — сказала яна Радыё Свабода.
Украіна моцна залежыць ад амэрыканскай сыстэмы Starlink для каардынацыі баявых дзеяньняў падчас поўнамаштабнага ўварваньня Расеі.
На зямлі такі ж электрамагнітны імпульс разбурыў бы электрычныя сыстэмы на велізарных тэрыторыях зь невядомымі вынікамі.
«Другое сонца»
І ЗША, і Савецкі Саюз падчас выпрабаваньняў у 1962 годзе падарвалі ў космасе магутныя ядзерныя зарады; гэта прывяло да непрадбачаных разбурэньняў на Зямлі і стала падставай для забароны далейшых выпрабаваньняў.
Самае магутнае амэрыканскае ядзернае выпрабаваньне на вялікай вышыні, якое атрымала кодавую назву Starfish Prime, адбылося 9 ліпеня 1962 году на вышыні прыкладна 400 кілямэтраў над Ціхім акіянам.
На Гавайскіх астравах — больш чым за 1200 кілямэтраў ад месца выбуху — пагрузіліся ў цемру дарогі, бо перасталі працаваць вулічныя ліхтары; аўтаматычна спрацавалі сырэны паветранай трывогі і сотні сыстэм ахоўнай сыгналізацыі. Выбух пашкодзіў або вывеў з ладу некаторыя са спадарожнікаў, што знаходзіліся тады на арбіце (усяго іх было некалькі дзясяткаў), у тым ліку першы брытанскі спадарожнік «Ariel 1».
Празь некалькі месяцаў у Савецкім Саюзе навукоўцы, якія назіралі за небам над савецкім Казахстанам, убачылі зьяву, якую адзін з відавочцаў апісаў як «другое сонца», што на імгненьне ўспыхнула высока ў небе.
Гэтая ўспышка стала вынікам савецкага выпрабаваньня ядзернай зброі, праведзенага для вывучэньня ўплыву выбухаў на вялікіх вышынях на сыстэмы супрацьракетнай абароны і сувязі. Магутнасьць бомбы была ў 20 разоў большай за магутнасьць той, што зьнішчыла Хірасіму.
Назіральнікі ў стэпах Казахстану нічога не адчулі і не пачулі выбуху, але імгненны электрамагнітны імпульс бомбы разбурыў электрычныя сыстэмы ў гэтым раёне. Лініі электраперадач іскрыліся і перагарэлі, іх кабэлі ўпалі на зямлю, а ўнутры электрастанцыі ўспыхнуў пажар.
Электрамагнітны выбух таксама пашкодзіў кабэль электраперадачы, закапаны прыкладна на глыбіні мэтра пад зямлёй, па якім ішла электрычнасьць паміж двума гарадамі. Многія наступствы савецкіх выпрабаваньняў электрамагнітнага выпраменьваньня ніколі не былі раскрытыя.
У 1963 годзе ЗША, Вялікабрытанія і СССР ратыфікавалі Дагавор аб частковай забароне ядзерных выпрабаваньняў, які забараняў дэтанацыю ядзернай зброі ў космасе, а пазьнейшы дагавор забараніў яе разьмяшчэньне на арбіце.
Што адбылося б сёньня?
Цяпер застаецца няясным, які ўплыў такая зброя аказала б на сучасную інфраструктуру, якая значна больш залежыць ад далікатнай электронікі, чым інфраструктура 1960-х гадоў, а таксама на тысячы дзейных спадарожнікаў, якія знаходзяцца цяпер на арбіце Зямлі.
«Па сутнасьці, калі б сёньня адбылося нешта накшталт выпрабаваньня Starfish Prime, наступствы на нізкай калязямной арбіце былі б яшчэ больш сур’ёзнымі. Гэта тлумачыцца тым, што цяпер там знаходзіцца значна больш спадарожнікаў, і яны ў значна большай ступені залежаць ад электронных кампанэнтаў, чым гэта было ў 1960-х гадах», — адзначыла Сэмсан.
У дакладзе 2010 году, прысьвечаным магчымай шкодзе для спадарожнікаў у выніку ўзьдзеяньня электрамагнітнага імпульсу, робіцца выснова: праз адсутнасьці сучасных даных пра ЭМІ існуе велізарная нявызначанасьць — рэальныя паказьнікі могуць адрозьнівацца ад ацэнкі ў 10 ці нават у 100 разоў.
На нядаўнім саміце ў Нью-Ёрку амэрыканскі вытворца ўзбраеньняў Палмэр Лакі заклікаў аднавіць ядзерныя выпрабаваньні — у значнай ступені для таго, каб дасьледаваць узьдзеяньне электрамагнітных імпульсаў на сучасную інфраструктуру.
Ён зьвярнуў увагу на састарэлы характар даных, сабраных падчас выпрабаваньняў ядзернай зброі, якія адбыліся некалькі дзесяцігодзьдзяў таму.
«Мы, па сутнасьці, ня ведаем, што адбудзецца з нашымі тэлефонамі, крытычна важнай інфраструктурай і ўзброенымі сіламі» ў выпадку атакі з прымяненьнем электрамагнітнага імпульсу, — адзначыў ён.